НАВІНЫ

Галоўная » Статьи » Адукацыя » Еўрапейская Адукацыя

Музычная адукацыя ў Вялікабрытаніі: знайшоў, прыехаў, паступіў!
Ён сабраў манаткі і паехаў вучыцца музыцы ў Вялікабрытанію са 100 баксамі ў кішэні. Спаў два месяцы на падлозе, а каб зарабіць на вучобу, мыў "талчкі”. Гісторыя вялейскага гітарыста Андрэй Каўзановіча.

БАТУ – БДУКІ – Brighton Institute of Modern Music


Падчас навучання ў Беларускім аграрна-тэхнічным універсітэце, недзе на курсе трэцім, я ўжо быў перакананы, што гэта не маё і інжынера з мяне не атрымаецца. Адразу пасля заканчэння падаў дакументы у Беларускі дзяржаўны інстытут культуры па класу "электрагітара”. Але і там мне было мала месца.


Аднойчы мая знаёмая прынесла рэкламку школы па вывучэнні англійскай мовы ў Бормуце (Вялікабрытанія), і доўга не думаўшы, я сабраў манаткі і паскабліў туды са 100 баксамі ў кішэні.


Тhe rest of it is history, як кажуць англічане.


"З талчкамі не трэба размаўляць”


Не спаў два месяцы на ложку, бадзяўся па падлогах, але гэта была клёвая школа жыцця. У такіх экстрэмальных умовах па-іншаму глядзіш на рэчы.


Прыязджаеш з радаснымі думкамі, што зараз скорыш увесь свет… А тут жыццё кажа: на табе, салага! – і пачынаецца твая барацьба з самім сабой.


Першым, што мяне падтрымала, была больш-менш нармальная праца праз 2 месяцы – у KFC. З’явіліся грошы, каб зняць пакой.


У маім першым пакоі (каштаваў 350 фунтаў на месяц – гэта танна і ўмовы там адпаведныя) змяшчаліся ложак і тумбачка, а рукамі я мог дастаць да дзвюх сценак адначасова. Даводзілася жыць з бразільцамі, арабамі, італьянцамі, венесуэльцамі. Шчыра скажу, не самыя прыемныя ўспаміны. Потым пераехаў жыць асобна.


Увогуле жыллё там вельмі дарагое. Сярэдні кошт пакоя – 400-500 фунтаў на месяц. Зарабляў я 700-800 фунтаў на месяц, працаваў мінімум 40-45 гадзін на тыдзень.


Працаваў касірам у краме, сэндвічы прадаваў у Subway – ён знаходзіўся каля клубу, дзе збіралася мясцовая гапата, а у нас не было ахоўнікаў, здараліся мардабоі. Збіраў трускаўкі, кіркай махаў.


Нават мыць талчкі давялося, калі толькі прыехаў. Не ведаў нармальна мовы, а з талчкамі не трэба размаўляць. Я не саромеюся – праца ёсць праца.


Знайшоў, прыехаў, паступіў!


Падчас навучання ў школе, памятаю, набраў у пошуку гугла "музычныя ВНУ Англіі”. Самая першая спасылка – BIMM (Brighton Institute of Modern Music).


Доўга не думаючы я ім патэлефанаваў i паехаў здаваць іспыты. Паступіў, але ўсе аказалася не так проста.


Адразу пасля іспытаў мне сказалі, што ўжо позна, набор скончаны і свабодных месцаў няма. Мяне запісалі ў waiting list – маўляў, на наступны год прыедзеш і адразу будзеш навучацца. Але на наступны год высветлілася, што пакуль я не скончыў навучальны курс ў сваім універы, BIMM для мяне закрыты.


Ужо праз два гады я ім тэлефаную, а мне кажуць: "ведаеш, зараз ты павінны ізноў здаваць іспыты, man, бо два гады прайшло!” Карацей, прыйшлося здаваць ўсе па-новаму.


І толькі на чацвёрты год я усё ж пачаў вучобу. Але гэта быў яшчэ не апошні прыкол. Пазней у Вялікабрытаніі прынялі закон аб павелічэнні коштаў навучання на 30 адсоткаў. Дзякуючы гэтаму мне прыйшлося пакінуць BIMM і вяртацца на радзіму, атрымаўшы толькі Professional Diplomа (выдаецца па сканчэнні 1 года навучання – аўт.).


Грамадзяне Еўрасаюза плацілі за навучанне ў BIMM прыкладна 3 000 фунтаў, я – каля 6000.


Усё складзецца як пазл


Брайтан – горад недалёка ад Лондана, хвілін 30 цягніком. У ім шмат клубаў, шмат цікавых і неардынарных людзей. Інстытут з першага погляду непрывабны – двухпавярховы будынак у закуточку. А заходзіш – і там нешта накшталт пятага вымярэння: гітары на сценах, аўтографы сусветных знакамітасцей, вакол апаратура. У прыёмнай табе ўсміхаецца дзяўчына ўся ў тату:)
Для мяне BIMM адрозніваецца ад Універсітэта культуры больш зразумелым выкладаннем. Мы там былі падзеленыя на гітарыстаў/бас-гітарыстаў і г.д. – і таму нам давалі больш спецыялізаваныя веды.

Для мяне зрабілася нашмат больш зразумелай музычная тэорыя. Памятаю, як я другі раз здаваў іспыты двум выкладчыкам-гітарыстам. Праслухалі мяне, пачалі пытаць пра лады, акорды, як гэта ўсё будуецца. І бачаць, што я не разумею.


Кажу: "Для мяне гэта такі цёмны лес…”. А яны: "Не хвалюйся, ва ўсіх так было. А пасля надыйдзе момант, калі ў цябе ўсё складзецца, як пазл.” Напрыканцы першага года навучання так і адбылося.


Ніхто не баіцца ўтачыць свае 5 капеек


Заняткі пачыналіся а восьмай. Звычайна мелі 6 пар, пасля заняткаў вяртаўся дахаты на пару гадзін, пасля працаваў да 23, а заўтра зноў на лекцыі. У вольны час атрымлівалася лабаць, некуды хадзіць. Але яго было няшмат, трэба было працаваць, каб плаціць за жытло, вучобу, ежу.


Навучальны працэс цікавы, інфармацыя падаецца карысная і вытрыманая. Шмат практычных заняткаў. Кожны тыдзень запрашаюцца вядомыя музыкі з сусветнымі імёнамі, якія распавядаюць пра свой вопыт. Прымусовай сістэмы не існуе, як мне падалося.


Хатнія заданні ёсць. Вучыць матэрыял ці не – вырашаць табе, але на экзамене ў цябе гэта спытаюць. Стасункі між выкладчыкам і студэнтам больш сяброўскія. Ты можаш спакойна звярнуцца з пытаннем і табе патлумачаць. Лічыцца нармальным мець уласнае меркаванне. Ніхто не баіцца ўтачыць свае 5 капеек. Мне там было камфортна.


Мода на шынэлі


Гэта ў нас вопратка – сродак для падкрэслівання сацыяльнага статусу. А там кожны можа дазволіць сабе апранаць Adidas.


Вылучаюцца людзі звычайна праз стыль. Напрыклад, апрануцца ў стылі трыццатых: туфлі, прычоска, макіяж.


На вуліцы можна пабачыць чалавека, апранутага, як у XIX стагоддзі, і гэта лічыцца клёвым. Зімой модныя былі шынэлі – сам хацеў неаднаразова набыць, але памеру не знайшоў. Вельмі папулярныя vintage-шопы, сэканды. У нас сэканды ўспрымаецца як нешта нездаровае, а там гэтыя крамы – клёвая рэч, там шмат моладзі.


Не зразумеў, што лепш: "дзяжурная” ўсмешка англічаніна ці перакошаны твар нашай прадавачкі


На першы погляд у Вялікабрытаніі ўсе – твае сябры, але гэта толькі падаецца. Калі пажывеш пэўны час ў гэтым грамадстве, разумееш, што там кіруюць прагматызм і ўласны камфорт.


Я быў выхаваны ў іншай сістэме, і, як гэта ні дзіўна, мне складана іх зразумець, а ім – нас. Таму цяжка падтрымліваць сяброўскія стасункі, складана выбудаваць больш цёплыя і шчырыя адносіны.


Там па-іншаму. І не ведаю, што лепш: "дзяжурная” ўсмешка англічаніна ці перакошаны, але шчыры твар нашай прадавачкі:)


Іншы досвед


Нягледзячы на тое, што ў BIMM я навучаўся толькі год, магу засведчыць: адукацыя за мяжой дае табе досвед, шырэйшы погляд, на пэўныя рэчы пачынаеш глядзець з іншага боку, нават няўдачы адкрываюць іншыя магчымасці.


Змагу я скарыстацца гэтым досведам ці не, залежыць толькі ад мяне. Я тут, і зараз мы з гуртом Vicky Why Not запісваем першы сінгл. Пабачым, што з гэтага атрымаецца.



Источник: http://vialejka.info
Категория: Еўрапейская Адукацыя | Добавил: bostonceltics (04.06.2013)
Праглядаў: 582 | Теги: Вилейка | Рейтинг: 0.0/0
Всего комментариев: 0
Добавлять комментарии могут только зарегистрированные пользователи.
[ Рэгістрацыя | Уваход ]
Форма Увахода
Катэгорыі раздзелу
Еўрапейская Адукацыя [85]
Стыпендыя [25]
Пошук
Навіны Свету
Нашыя партнэры
 Рух  Менскі Еўраклуб Каталог TUT.BY  Віцебскі Еўраклуб вітае гасьцей  Менскі Еўраклуб  Народны журналіст

Конкурс на лепшага знаўцу паўстання Кастуся Каліноўскага

Статыстыка