НАВІНЫ

Галоўная » Статьи » Рэгіён

Алена Сьцяпанава: Я мяркую, мы перамаглі таму, што праявілі творчую самастойнасьць

Спадарыня Алена, колькі сяброў у віцебскай суполцы на сёньняшні дзень і ці гэта толькі журналісты зь Віцебску?

У нас 32 сябры, але віцебская суполка – гэта ня толькі жыхары Віцебску. Да нас далучыліся і журналісты з райцэнтраў: Леанід Гаравы з Гарадку, Георгі Станкевіч зь Бешанковічаў, Аляксандар Шчамлёў з Шуміліна. У Воршы таксама ёсьць сябры ГА “БАЖ”, але там няма ўласнай суполкі, дык што хацелася б і іх часьцей далучаць да нейкіх нашых агульных справаў.

Падзяліцеся сакрэтам крэатыўнасьці віцебскай суполкі, якая стала найлепшай філіяй “БАЖ” 2015 году?

Крэатыўнасьць – гэта якасьць асабістая. А ў нашай суполцы – абсалютна розныя людзі. З рознымі зацікаўленьнямі, з розным стаўленьнем да сяброўства ў ГА “БАЖ”. Ёсьць журналісты і дзяржаўных, і недзяржаўных выданьняў, а ў такім выпадку немінуча будуць існаваць адрозьненьні ў поглядах, але для мяне гэта рэч натуральная. Я ніколі ня ставіла за мэту, прыкладам, аб’яднаць усіх нашых сяброў вакол нейкай агульнай справы. Бо лічу, што асноўны прынцып, на якім базуецца пэрспэктыўнае грамадзкае ўтварэньне – гэта прынцып добраахвотнасьці і асабістага жаданьня. За ўдзел у нашых імпрэзах, за распрацоўку задумак мы не атрымліваем грошай, таму асноўная ўмова ўдзелу – рабіць справу з задавальненьнем. Прыдумаць нешта могуць 2-3 чалавекі, а для ажыцьцяўленьня задуманага будзе дастаткова і дзесяці. І гэта таксама нармальна. Але заўсёды важна, каб у чалавека было з чаго выбіраць.

Першае месца сярод рэгіянальных суполак мы сапраўды атрымалі, як напісана ў дыплёме, за крэатыўнасьць – у тым ліку. Сярод нас ёсьць актыўныя людзі, якім добра ўдаецца менавіта прыдумляць незвычайныя рэчы. Так нарадзілася ідэя “БАЖару” – па аналёгіі са “Славянскім базарам”, брэндам Віцебску. І гэты праект, дзе былі і “БАЖ-кірмаш”, і “Зорка распаўсюдніка незалежных СМІ Барыса Хамайды”, і іншыя цікавосткі. Увасобіць усё гэта нам дапамагалі калегі з бліжэйшых рэгіёнаў – з Полацку, з Глыбокага, з Барысава. Усе разам мы і атрымалі падзяку за найлепшую прэзэнтацыйную пляцоўку.

Дарэчы, гэта яшчэ адна перадумова нашага посьпеху – тое, што побач з намі шмат цікавых людзей зь іншых рэгіёнаў, якія таксама гатовыя фантазіяваць, не бянтэжацца прапаноўваць самыя сьмелыя ідэі і гатовыя іх увасабляць.

Але ж былі нейкія пэўныя справы, за якія суполку і адзначылі як найлепшую?

Як на мой погляд, то перамога нам дасталася не за найбольшую колькасьць нейкіх справаў ці імпрэзаў – у іншых гарадох таксама ладзіцца шмат рознага і цікавага. Дый не за ўдзел у тым, што прапануе менскі офіс – дакладней, ня толькі за гэта. Я думаю, мы перамаглі, бо праявілі творчую самастойнасьць. Ад калегаў найчасьцей даводзілася чуць добрыя водгукі пра наш удзел у кампаніі салідарнасьці “Станем за журналістыку”. Многія памятаюць, што ў 2014 годзе шасьцёра нашых сяброў былі аштрафаваныя за фотасэсію з птушкамі. Таму сёлета мы вырашылі заняцца зусім іншай справай: пасадзіць алею вольнай прэсы ў раёне новабудоўлі.

Пра ўсе нашыя ініцыятывы, пра ўдзел у розных мерапрыемствах усе цікаўныя могуць прачытаць на адмысловай старонцы “Віцебск. Нашы ў горадзе” у Фэйсбуку.

Скажы, калі ласка, што табе асабіста дае гэтая грамадзкая пасада? Як па мне, то ў цябе добра атрымоўваецца. Гэта дадае табе шарму і энэргіі.

Па натуры я не “функцыянэр”, не “чыноўнік”, таму магчымасьць “пакіраваць іншымі” вялікай асалоды мне не прыносіць. Задавальненьне атрымліваю выключна ад творчага складніку ў тым, што мы робім, ад таго, што магчымасьць праявіць сябе маюць і іншыя. Вельмі радуюся, што побач ёсьць творчыя людзі. Бо творчасьць і магчымасьць самарэалізацыі ў нейкіх новых накірунках – гэта для мяне найлепшы адпачынак ад працы, ад навакольнай рэчаіснасьці, якая не заўсёды радуе.

Таму я заўжды імкнуся, каб паміж усімі намі, калегамі, былі сяброўскія стасункі – цёплыя, чалавечыя… радуюся, калі не даводзіцца камандаваць як “начальніку”, а можна проста папрасіць дапамогі і быць пэўнай, што яе атрымаеш. Вельмі дорага каштуе, калі я нешта зраблю, а потым нехта папікне: “А чаму мяне не пазвала? Дапамаглі б зрабіць тое і тое…” Мне здаецца, што гэта найпрасьцейшы шлях – прапанаваць сяброўства, і разам рабіць тое, што цікава пэўнай групе людзей. Няважна, вялікая яна ці малая – галоўнае, каб усім падабалася рабіць нешта разам.

Алена, падзяліцеся тым, як прыйшла ідэя зьняць фільм пра сябра “БАЖ” зь Бешанковічаў Георгія Станкевіча, і хто Вам дапамагаў у гэтай справе?

Гэтая ідэя не была нейкім маланкавым адкрыцьцём, пра якое кажуць “азарыла”. Георгія я знаю ўжо некалькі гадоў, шмат разоў пра яго пісала з розных нагодаў, асабліва часта, калі ў яго былі суды за газэту “Крывінка”. Мне было неймаверна цікава, што гэткі разумны, таленавіты, інтэлігентны чалавек – і жыве ў вёсцы, садзіць бульбу, трымае трох кароў, але, як выявілася, яшчэ й зь дзясятак катоў, якія жывуць у яго на панадворку. Гэта так нечакана – калі чалавек піша ўзьнёслыя, рамантычныя вершы, песьні, а ў яго цэлая гаспадарка і процьма сялянскай працы… Адным словам, я лічу, што гэта незвычайны чалавек, зь незвычайным жыцьцёвым досьведам і выбарам лёсу. Да таго ж калега! Ня ўсё ж нам, журналістам, пісаць пра іншых людзей? Вось так і зьявілася ідэя зьняць пра Георгія Станкевіча фільм.

Спачатку гэта была проста ідэя-мара, а потым знайшоўся чалавек, які пагадзіўся папрацаваць разам – апэратар Аляксандар Зянкоў, дарэчы, таксама “бажавец”, кіраўнік Барысаўскай суполкі. Аказалася, што мы шмат у чым аднадумцы, маем падобныя погляды, таму дамаўляемся лёгка. Працаваць разам над фільмам дык і ўвогуле было вельмі файна! Аляксандар мае вялікі досьвед здымак, ягоныя фільмы, прыкладам, займалі прызавыя месцы на Міжнародным фэстывалі хрысьціянскіх фільмаў і тэлепраграм “Магніфікат”. А вось для мяне фільм “Я лічу, што я шчаслівы” стаў першым, дзе я спрабавала быць сцэнарыстам. Здаецца, гледачам і нават галоўнаму герою ён спадабаўся, хоць паказаў яшчэ было няшмат.

Ёсьць у нашага невялікага творчага “кінакалектыву” і наступная задумка, ужо пачаліся здымкі новага фільму. Але гэта пакуль што сакрэт.

І, напрыканцы, некалькі словаў пра тыя супольныя ініцыятывы, якія заплянаваныя на найбліжэйшую будучыню.

Калі казаць не пра мяне, і не пра мае асабістыя і творчыя пляны, а пра дзейнасьць “бажаўскай” суполкі, то і тут вялікія задумкі ёсьць таксама. Пляны базуюцца найперш на тых прапановах, якія паступілі ад нашых сяброў. Гэта і прапановы па прафэсійным удасканаленьні: трэнінгі па фотасправе, па некаторых юрыдычных аспэктах журналісцкай дзейнасьці; і праца, якая будзе спрыяць падвышэньню станоўчага іміджу ГА “БАЖ”, то бок працяг супрацоўніцтва з прытулкам для бадзяжных жывёлаў.

Якасна новай і пэрспэктыўнай ідэяй можна назваць запачаткаваньне кампаніі “Крыўдна і сьмешна”. Сэнс яе ў тым, каб фіксаваць у горадзе розныя недарэчнасьці – фатаграфаваць і шыльды, напісаныя з памылкамі, і проста безгустоўшчыну, якой у нашым Віцебску нямала… Добра, калі да гэтай кампаніі далучацца і звычайныя месьцічы. А мы змаглі б пісаць пра гэта для сваіх выданьняў і спрыяць зьмяншэньню безгустоўшчыны у самых розных яе праявах, каб наш любімы Віцебск станавіўся яшчэ прыгажэйшым.

http://vitebskspring.org/be/news/2771

Категория: Рэгіён | Добавил: Admin (08.01.2016)
Праглядаў: 685 | Рейтинг: 0.0/0
Всего комментариев: 0
Добавлять комментарии могут только зарегистрированные пользователи.
[ Рэгістрацыя | Уваход ]
Форма Увахода
Катэгорыі раздзелу
Еўропа [74]
Беларусь [132]
Віцебск [108]
Рэгіён [77]
Еўраклуб [44]
Адукацыя [110]
Гісторыя [11]
ВЫБОРЫ 2014 [15]
Відэа [13]
Пошук
Навіны Свету
Нашыя партнэры
 Рух  Менскі Еўраклуб Каталог TUT.BY  Віцебскі Еўраклуб вітае гасьцей  Менскі Еўраклуб  Народны журналіст

Конкурс на лепшага знаўцу паўстання Кастуся Каліноўскага

Статыстыка