НАВІНЫ

Галоўная » Статьи » Беларусь

Адам і сацыяльныя акцыі аўтааматараў "Стоп-бензін!"

Працягваю сваю гісторыю разьвітаньня з цывільным жыцьцём.

Сын Адам слухаў пра ўсе гэтыя мае мітрэнгі ў паўвуха. У яго былі свае праблемы, ды ўрэшце ўжо і сваё жыцьцё. Ён вучыўся ў магістратуры ў Акадэміі мастацтваў, часам дадаткова здымаў невялікія сюжэты для "Белсату”, і грошай, атрыманых за іх, яму хапала, каб забясьпечваць свае бягучыя расходы. Але падзеі сьнежня 2010 года, відаць, закранулі і яго. 19 сьнежня ён быў са сваімі сябрамі і на Кастрычніцкай плошчы, і затым на плошчы Незалежнасьці. У той вечар яны шчасьліва пазьбегнулі арышту.

Увесну, зазіраючы ў сацыяльныя сеткі, ён неяк самастойна пранікся і маўклівымі акцыямі, а затым і кампаніяй "Стоп-бензін!”, якія арганізоўвалі і праводзілі незадаволеныя коштамі на паліва кіроўцы.

Адам пасьлядоўна браў у іх удзел. Адзінае, пра што я прасіў яго тым летам, — не хадзіць на акцыі падчас здачы іспытаў, бо хацелася, каб ён усё ж скончыў сваю магістратуру. Ён слухаўся і пару разоў не ўдзельнічаў, але пераймаўся дзеля гэтага.

Удзел у гэтых акцыях прыводзіў часам яго да моцных эмацыйных сітуацый. Так, аднойчы, ідучы ў шэрагах "маўклівых” і пляскаючы ў ладкі, ён убачыў побач аднагрупніка з Акадэміі мастацтваў, свайго добрага прыяцеля і сябру, які здымаў удзельнікаў акцыі на відэакамеру. Адам, натуральна, падышоў да яго і спытаў: "А ты што тут робіш?” Той пасьля вучобы адслужыў год у брыгадзе сьпецназу ва Уруччы і месяц як дэмабілізаваўся. Ён адказаў Адаму, што яму пасьля службы ў войску прапанавалі пайсьці на іншую службу, у міліцыю, быць відэааператарам падчас розных такіх акцыяў і здарэньняў. І таму ён зараз тут здымае па службе…

Адам у той раз пасьпяхова сышоў з акцыі, яго не затрымалі. Але ж як моцна ён быў уражаны гэтай сустрэчаю з аднагрупнікам. За гады іхняй вучобы той неаднойчы бываў і ў нас удома.

Затым, калі пачаліся акцыі "Стоп-бензін!”, Адам таксама актыўна падключыўся да іх. Калі ДАІ большасьць машынаў не пускала на прасьпект Незалежнасьці, разварочваючы іх на іншыя магістралі, ён выгнаў наш "сітраэн” з двара на плошчы Перамогі, бесперашкодна выехаў на прасьпект і першым спыніў яго насупраць цырка. Затым выставіў аварыйны знак. За ім паспыняліся і іншыя машыны.

Гэта была ўдалая сацыяльная акцыя пратэсту, калі аўтааматарам удалося такім масавым аварыйным спынам аўтамабіляў паралізаваць рух на прасьпекце амаль на гадзіну і ўрэшце дабіцца хаця б часовага спыненьня росту коштаў на паліва.

Чаму я ведаю, што першай спынілася нашая машына, бо ў інтэрнэце на сайце "Нашай Нівы” быў фотарэпартаж з гэтых падзеяў. І адзін са здымкаў з адпаведным подпісам быў з нашым шэрым "сітраэнам” і з Адамам, які стаіць каля яго з падкрэсьлена заклапочаным выглядам.

Тады, як Адам распавядаў нам з Натальляй, да яго некалькі разоў падбягалі гаёвыя, патрабавалі, каб ён адагнаў машыну з праезджай часткі, пагражалі. Але ён "уключыў дурня”, прасіў іх паказаць дакументы, задаваў розныя пытаньні — адным словам, цягнуў ката за хвост. Адам выкарыстоўваў навыкі навучаньня акторскаму майстэрству.

Затым паспыняліся іншыя машыны, і гаёвым стала не да яго. І ён пасьпяхова зьехаў пасьля акцыі. Праўда, нумар машыны гаёвыя запісалі і празь некалькі дзён да мяне тэлефанаваў участковы, высьвятляў — хто быў за рулём зарэгістраванай на мяне машыны. Але так і не высьветліў.

І ўжо седзячы на Валадарцы, з газетаў я даведаўся, што навыкі акторскага майстэрства Адаму падчас чарговай акцыі "Стоп-бензін!” не дапамаглі. Яго затрымалі, а машыну з прасьпекта эвакуатарам адцягнулі на стаянку. Адама, пакуль везьлі ў пастарунак, як пазьней напісаў ён у лісьце, зьбілі, ноч пратрымалі на Акрэсьціна, а назаўтра судзілі і аштрафавалі.

Вось каго я востра пашкадаваў, прачытаўшы гэтую інфармацыю, дык гэта Натальлю. Мала што мужа пасадзілі, дык яшчэ і сына…

Нашую машыну з адной стаянкі перагналі на іншую, адкуль, па рашэньні суда па маёй справе, яна была сканфіскаваная. Шкада. Добрая машына была. Я сам езьдзіў зь перагоншчыкамі машынаў па яе ў Літву перад тым, як Беларусь упёрлася ў мытны саюз. Хлопцы-перагоншчыкі дапамаглі выбраць яе, зь люксембургскімі нумарамі, з падбітай, цокнутай левай фараю і зьмятай з боку кіроўцы дзьверкаю, запыленую і нявідную на першы погляд. Але да Менска "сітраэн” даехаў сваім ходам, Адам заняўся яго рамонтам, і ўрэшце вымыты, з новай дзьверкаю і фараю "сітраэн” набыў прысутны яму раней французскі лоск.

Год машына пабыла ў нас і пайшла. Адам магістратуру ўсё ж скончыў і атрымаў дыплом.

Категория: Беларусь | Добавил: Fox (05.12.2013)
Праглядаў: 657 | Теги: Алесь Бяляцкі, праваабаронцы | Рейтинг: 0.0/0
Всего комментариев: 0
Добавлять комментарии могут только зарегистрированные пользователи.
[ Рэгістрацыя | Уваход ]
Форма Увахода
Катэгорыі раздзелу
Еўропа [74]
Беларусь [132]
Віцебск [108]
Рэгіён [77]
Еўраклуб [44]
Адукацыя [110]
Гісторыя [11]
ВЫБОРЫ 2014 [15]
Відэа [13]
Пошук
Навіны Свету
Нашыя партнэры
 Рух  Менскі Еўраклуб Каталог TUT.BY  Віцебскі Еўраклуб вітае гасьцей  Менскі Еўраклуб  Народны журналіст

Конкурс на лепшага знаўцу паўстання Кастуся Каліноўскага

Статыстыка