13 студзеня ў Арт Сядзібе прайшла шостая цырымонія ўручэньня прэміі “Чэмпіёны грамадзянскай супольнасьці”. Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацыяў адзначыла выбітныя і яскравыя акцыі ў грамадзкім сэктары за 2014 год.
Адкрываючы цырымонію старшыня Рабочай групы Асамблеі НДА Сяргей Мацкевіч адзначыў, што па ўзроўню грамадзкай актыўнасьці, прыцягненьню новых сябраў, нават рэпрэсіях супраць грамадзянскай супольнасьці 2014 год ня моцна адрозьніваўся ад папярэдніх, але было ў ім нешта такое, што дазваляе з большым аптымізмам глядзець у будучыню:
— “Мы заўважаем вяртаньне беларусаў да сваіх спрадвечных каштоўнасьцяў, да жаданьня беларусаў нарэшце быць беларусамі. І хоць гэта пакуль адбываецца ў дастаткова вузкіх колах, ёсьць тэндэнцыя і відавочны патэнцыял той сілы, якая ў нас, у беларусаў, унутры”, — пракамэнтаваў Мацкевіч.
Кампаніяй году была названая кампанія “Пазнач сябе беларусам”. Цягам 2014 году моладзь з Арт Сядзібы правяла шэраг акцыяў па прамоўцыі беларускіх сымбаляў, вышымаек, былі зладжаныя два Дні вышыванкі і раздадзеныя 5 кілямэтраў стужкі з нацыянальным арнамэнтам.
Журы прэміі, у якую сёлета ўвайшлі 100 чалавек, у намінацыі “Новая ініцыятыва” адзначылі дзеяньні групы экспэртаў ў абарону Курапатаў. Археолягі, архітэктары, інжынеры, юрысты, культуролягі, журналісты ў 2014 годзе аб’ядналі свае намаганьні, каб юрыдычна бараніць ахоўныя межы Курапатаў ад незаконнага скарачэньня й забудовы.
Рэгіянальнай падзеяй назвалі Дзень памяці паўстанцаў 1863 году ў Сьвіслачы. Дарэчы, сёлета падзея адзначыла свой 20-гадовы юбілей. Пад час цырымоніі ўдзельнікі ўшанавалі памяць Віктара Дзясяціка, грамадзкага актывіста са Сьвіслачы, які штогод быў арганізатарам падзеі, і якога сёлета ня стала.
Пераможцамі ў намінацыі “Крэатыў году” сталі футбольныя фанаты за салідарную акцыю на матчы “Беларусь-Украіна”, які прайшоў 9 кастрычніка ў Барысаў-Арэне. На цырымоніі госьці праслухалі аўдыёзапіс падзякі за прэмію аднаго з футбольных фанатаў, які пажадаў застацца невядомым.
За ануляваньне віду на жыхарства праваабаронцы Алены Танкачовай прэмію “Гарбуз году” прысудзілі Ўпраўленьню па грамадзянству й міграцыі ГУУС Мінгарвыканкаму й Аддзелу па грамадзянству й міграцыі Першамайскага РУУС г. Менску. Антыпрэмію атрымалі Андрэй Сушко і Аляксей Казьлюк з Цэнтру прававой трансфармацыі, якія адзначылі, што калі разрэзаць гарбуз на маленькія кавалачкі, яго ўсё адно ня хопіць усім тым, хто спрычыніўся да высылкі Алены Танкачовай.
У намінацыі “Мэдыя/журналіст году” перамог Марат Гаравы з газэты “Новы час”, а найлепшым сайтам НДА журы прызнала інфармацыйна-мэтадачны партал для настаўнікаў www.nastaunik.info.
Грамадзкімі лідэрамі году былі названыя вядоўцы моўных шоў. Прэмію атрымалі выкладчыкі моўных курсаў “Мова нанова”, “Мова ці кава”, “Мова веда” і “Мова TUT” — Алёна Андрэева, Аляксей Шэін, Валерыя Кустава, Глеб Лабадзенка, Алеся Літвіноўская.
Прэмія “Чэмпіёны грамадзянскай супольнасьці” адзначае найбольш значныя і яскравыя падзеі ў жыцьці трэцяга сэктару. 23 сьнежня 2009 году ўпершыню адбылася нефармальная цырымонія ўзнагароджаньня найбольш выбітных грамадзкіх ініцыятываў ды кампаніяў. Прэмія заснаваная Асамблеяй НДА. Пераможцаў абірае журы, у якое ўваходзяць сябры Рабочай групы, грамадзкія лідэры і экспэрты, пераможцы прэміі мінулых гадоў, журналісты.
Прэс-служба Асамблеі НДА /
http://belngo.info/2015.asambleya-nazvala-che-mpiyonau-gramadzyanskaj-supol-nas-tsi-2014-godu.html#more-2534 |