НАВІНЫ

Галоўная » Статьи » Беларусь

Беларускія спевы гучалі ў мястэчку Германавічы
На падворку літаратурна-мастацкага музея імя Міхася Райчонка ўвечары сабраліся чалавек семдзесят. Уся радня Ады Райчонак, сябры цэнтра Драздовіча з Шаркоўшчыны, госці з Лепеля і Верхнядзвінска, журналісты і краязнаўцы з Глыбокага, каталіцкі святар з Лучаю. Некалькі дзяўчат прывандравалі аўтаспынам з Менску, дабіраліся па пяць-шэсць гадзінаў. 

Жыхары Германавічаў, як звычайна, праігнаравалі бардаўскія спевы. Ці то знайшлі ў суботні вечар больш цікавы для сябе занятак, ці то пабаяліся, што пра іх прысутнасць у "нядобранадзейнай” кампаніі даведаецца начальства. Ада Райчонак пракаментавала вершам абыякавасць мясцовых да незалежнага культурніцкага жыцця.

"Няхай я persona non-grata
Ў роднай сваёй старане,
Упэўнена я, што нашчадкі па-добраму
Ўспомняць мяне.

Я знаю, настане часіна,
Народ мой успомніць мяне,
Калі к нам прыедзе "Пагоня”

На белым прыгожым кані”.

Ада Райчонак

Зміцер Бартосік заспяваў першым. Выканаў тры песні расійскіх бардаў-"шасцідзясятнікаў” у перакладзе Рыгора Барадуліна. Сваю частку канцэрта скончыў спевам пра Вільню "Такія месты проста так не пакідаюць”.

На сцэну выйшаў Аляксей Жбанаў. Сярод іншых твораў праспяваў "Песню філарэтаў”, тэкст якой напісаў у турме ў 1824 годзе Антон Адынец, удзельнік таемнага студэнцкага таварыства.

Выступілі музыкі з вёскі Вялікі Поўсвіж Лепельскага раёна. Васіль Шкіндзер граў на дудзе, Вольга Зарэцкая – на скрыпцы, Уладзімір Крыцкі – на барабане. Яны выканалі некалькі старадаўніх мелодый ды заклікалі станчыць беларускі танец "Вераб’і”.

Пасля была своеасаблівая рэкламная паўза. Юлія Бука, беларускамоўная арганізатарка вясковага турызму, распавяла пра сваю сядзібу ў вёсцы Валодзькава Глыбоцкага раёна. Танны адпачынак у звычайных вясковых хатах гаспадыня падае як адмысловую "фішку”. "Гэта не штучны адпачынак за вялікім плотам у катэджы з еўрарамонтам. Людзі, якія прыязджаюць, бачаць, што Беларусь – гэта не шыкоўнае жыццё, а складаная і цяжкая праца”, - кажа спадарыня Юлія.

Весяліць гледачоў узяўся гурт "Рэха”. І ў іх гэта файна атрымалася. Афрабеларус Андрусь Такінданг спяваў і граў на домры, Яўген Шурмей і Кастусь Лісецкі – на гітарах.

Гурт "Рэха"

Свае вершы прачытаў паэт з Шаркоўшчыны Міледзій Кукуць. Людзям дужа спадабалася яго вострасатырычная паэма пра старшыню калгаса.

Раман Яраш і Цімох Авілін праспявалі а’капэла некалькі народных твораў з Палесся. Потым выканалі свой спеў, прысвечаны галоўнай дзяржаўнай газеце, ды яшчэ некалькі спеваў.

Апошнім выступаў бард Раман Абрамчук. Парадаваў гасцей то народнымі, то сваімі ўласнымі спевамі. Пасля канцэрту на падворку выканаўцы і гледачы сабраліся ў музеі на вячэру. Вечар скончыўся цёплай сяброўскай размовай.

Кастусь Шыталь

Категория: Беларусь | Добавил: wasek07 (03.06.2012)
Праглядаў: 953 | Теги: Ада Райчонак, Бардаўскі фэст | Рейтинг: 0.0/0
Всего комментариев: 0
Добавлять комментарии могут только зарегистрированные пользователи.
[ Рэгістрацыя | Уваход ]
Форма Увахода
Катэгорыі раздзелу
Еўропа [74]
Беларусь [132]
Віцебск [108]
Рэгіён [77]
Еўраклуб [44]
Адукацыя [110]
Гісторыя [11]
ВЫБОРЫ 2014 [15]
Відэа [13]
Пошук
Навіны Свету
Нашыя партнэры
 Рух  Менскі Еўраклуб Каталог TUT.BY  Віцебскі Еўраклуб вітае гасьцей  Менскі Еўраклуб  Народны журналіст

Конкурс на лепшага знаўцу паўстання Кастуся Каліноўскага

Статыстыка