Экалягічны шкоднік — баршчэўнік Сасноўскага — самую небясьпечную сытуацыю стварае на Віцебшчыне. Тут ён захапіў 56,3% агульнай плошчы. А найшырэй распаўсюдзіўся ў Вушацкім раёне, заняўшы каля 450 гектараў плошчаў.
Летась на барацьбу са шкоднай раслінай з раённага бюджэту было выдзелена 200 мільёнаў рублёў: тры чвэрці гэтай сумы было прызначана на закуп хімічных прэпаратаў, астатнія грошы мусілі пайсьці на аплату за выкананыя работы. Усё рабілася згодна зь дзяржаўнымі плянамі па рэгуляваньні распаўсюджваньня баршчэўніку Сасноўскага, зацьверджанымі пастановай Саўміну № 1087 ад 28 лістапада 2012 году. Аднак шкоднага пустазельля на палях Вушаччыны і ў вёсках паменшала не настолькі, як плянавалася.
«Я ня ведаю, за што бог пакараў Вушацкі раён. На мой погляд, дык гэта самыя прыгожыя мясьціны ў Беларусі. У майго сына ёсьць хатка ў вёсцы Белае Сарочынскага раёну, дык проста сэрца крывёй абліваецца, калі туды пад’яжджаеш ды бачыш гэткія зарасьнікі. Бяда з баршчэўнікам ня толькі ў тым, што ён хутка распаўсюджваецца і засьмечвае тэрыторыю. Гэта ж яшчэ дужа шкодная расьліна! Таму мы зьвязаліся з нашымі сябрамі ў Вушачах, там ёсьць такая ініцыятыва „Край блакітных азёраў“, і вырашылі, што змаганьне з баршчэўнікам — гэта таксама наша справа», — расказаў кіраўнік віцебскай арганізацыі «Самакіраваньне і грамадзтва» Хрыстафор Жаляпаў.
Актывісты пайшлі ў вушацкі райвыканкам да спэцыялістаў, якія кіруюць сельскай гаспадаркай. Тыя ахвотна пагадзіліся на дапамогу збоку, бо баршчэўнік насамрэч дужа небясьпечны шкоднік. Калісьці яго адмыслова сеялі з разьлікам на надзвычайную «пладавітасьць» — меркавалі выкарыстоўваць на корм жывёле. Але не ўлічылі некаторых уласьцівасьцяў расьліны, небясьпечнай для чалавека. Мала таго, што ён хутка і некантралявана расьсейваецца, дык ягонае лісьце мае моцны пах, які адчуваецца на адлегласьці пяці мэтраў, і можа выклікаць алергічную рэакцыю аж да летальнага сыходу. Дотык да расьліны таксама можа мець кепскія наступствы: сок баршчэўніку ўтрымлівае фуранакумарыны — рэчывы, якія падвышаюць адчувальнасьць арганізму да ультрафіялетавага выпраменьваньня. Таму дастаткова дзённага сонечнага сьвятла, каб на скуры, куды трапіў сок расьліны, утварыўся апёк другой ступені. Прычым апёкавыя пухіры зьяўляюцца не адразу, а праз колькі гадзінаў ці нават сутак.
Усё гэта давялося ўлічваць вушацкім «добраахвотнікам» на вайне з баршчэўнікам. Таму спэцвопратка — касьцюм «хімабароны», рэсьпіратар, гумавыя пальчаткі — рэчы самыя неабходныя. І ня толькі таму, што небясьпечны сам баршчэўнік: яшчэ больш небясьпечная для чалавека атрута, якой расьліну трэба апырскаць. Таму наймацца на шкодную працу і няма ахвочых, тлумачыць вушацкі актывіст Васіль Казьянін:
«Баршчавік завезьлі на «зялёную масу», а ён стаў некіруемым! Па ўсім раёне лес стаіць. Мы й вырашылі паказаць, як зь ім змагацца. Гэта ня дужа прыемна, калі на вуліцы +25 градусаў, а ты ў гумавым касьцюме, рэсьпіратары, і няма чым дыхаць. Але абарона — гэта самае першае: касьцюм, рэсьпіратар, пальчаткі, якія хутка выходзяць з рабочага стану. Самі робім атрутны раствор, самі заліваем яго ў апарат, апарат на плечы, а важыць ён 25 кіляграм, і ідзем працаваць!"
Васіль Казьянін апісвае працу з так званым ранцавым бэнзаматорным апырсквальнікам. Такія выкарыстоўваюцца на складаных рэльефах мясцовасьці. На вялікіх і адносна роўных участках адмыслоўцы раяць выкарыстоўваць трактарныя прычапныя апырсквальнікі, з дапамогай якіх у гаспадарках вядуць хімпраполку. Яшчэ рэкамэндуюць пераараць забруджаную баршчэўнікам тэрыторыю ды засеяць кармавымі культурамі. І калі працаваць на тэхніцы ня так шкодна для чалавечага арганізму, то стацца індывідуальным пагаджаюцца нямногія. Найчасьцей — мясцовыя выпівохі, аднак ім атруту не давяраюць па зразумелых прычынах.
Між тым карысьць ад індывідуальнай працы вялікая: можна вызваліць ад шкоднай расьліны падыход да школы або крамы, ці ўскраек агароду, дзе вялікі трактар не разьвернецца. Тамара Мацюшава зь вёскі Замошша паказвае свой падворак, дзе папрацавалі вушацкія «дабравольцы»: якраз увосень добра відаць, дзе стаяць «парасоны» баршчэўніку на два чалавечыя росты, а дзе яго ўжо няма:
«Уяўляеце, ён запаланіў усё ад самай той хаты — вунь дзе нежылая хата. Я ўсю вясну секла яго сякерай. А ён жа страшны — сусед вунь нагу апёк. Дык я нават маліны не абірала. Кажу мужыку: „Давай некуды пераносіць маліньнік, будзем ад баршчэўніку ратавацца!“ Мне нехта казаў: „А ты нажнічкамі стрыжы яму суквецьці“. А колькі я буду з нажнічкамі хадзіць? Дзе узяць часу? Я ў Вушачах раблю, адзін выходны дзень. У мяне сьвіньня паросіцца, а мне падысьці няма калі! Глядзіце, гэтая сьцежка ўся была ў баршчэўніку. Дык хлопцы прыяжджалі, папырскалі, дапамагло! Няхай яшчэ прыяжджаюць, будзем разам з гэтай заразай змагацца!»
Мясцовае насельніцтва змагаецца па-партызанску: хто з касой, хто зь сякерай, а хто нават з нажніцамі у руках. Дабравольцы ініцыятывы «Край блакітных азёр» узброіліся тым, што выдаткавала на вайну з баршчэўнікам дзяржава. Інакш гэтая «зброя» так і праляжала б нескарыстаная, працягвае актывіст Васіль Казьянін:
""Хімабарону" нам далі ў арганізацыі «Аграсэрвіс», і апарат. Калі мы пайшлі туды, яны аж у ладкі запляскалі! Тым больш, што я прапанаваў працаваць на ўласным транспарце — езьдзіць па раёне на «Жыгулях» з прычэпам. Ім жа даводзяць плян. А рабочых рук не хапае. Няма людзей! Я зь цяжкасьцямі знайшоў сабе сёлета памочніка. Адзінага на ўвесь «Аграсэрвіс», хто пагадзіўся! Каб пасьпяхова змагацца з баршчэўнікам, выглядае, што трэба больш «дабравольцаў». А ня два на ўвесь Вушацкі раён!"
За два мінулыя гады група Васіля Казьяніна пазбавіла каля 30 гектараў ад небясьпечнага пустазельля ў Вушацкім раёне, запрашалі іх і ў суседнія раёны. Спадар Казьянін верыць толькі ў моц народнай ініцыятывы — у працу дабравольцаў, неабыякавых да роднай зямлі. На тое, што можна вырашыць праблему так, як заплянавала Міністэрства сельскай гаспадаркі, ён спадзяецца мала. За апрацоўку зарослага баршчэўнікам гектара тэрыторыі дзяржава гатова плаціць па 150 тысяч на чалавека. Аказалася, што прасьцей знайсьці дабравольцаў. |