НАВІНЫ
Грамадскія актывісты зладзілі талаку на сядзібе Івана Сікоры
Талака адбылася 29 красавіка. У талацэ прынялі ўдзел краязнаўцы, мастакі, грамадскія актывісты з усяго рэгіёна. Прыехалі Ганна Базарэвіч з Браслава, Ада і Алег Райчонкі з Германавічаў, Зміцер Курцэвіч з Дзеркаўшчыны, Міхал і Лілія Гілі, Ігар Пракаповіч з Паставаў ды іншыя добрыя людзі.
Як распавяла грамадская дзяячка Ада Райчонак, удзельнікі талакі прыбралі смецце, адрамантавалі брамку, спілавалі сухія галіны з дрэў, пасадзілі кветкі. Калі мелі перапынак у працы, частаваліся гарбатай са старадаўняга самавару і пернікамі, што спякла Лілія Гіль.
"Сабраліся цікавыя і шчырыя людзі, працавалі шчыра”, - кажа Ада Эльеўна.
Калі талака скончылася, выдавец Валер Булгакаў і гісторык Алесь Пашкевіч правялі прэзентацыю кніг і часопісаў "Архэ”.
* * *
Іван Сікора нарадзіўся ў 1885 годзе ў вёсцы Малыя Алашкі (зараз Шаркоўшчынскі раён). У 20-я гады ХХ стагоддзя працаваў настаўнікам; звольнены на загад польскіх уладаў, бо выкладаў па-беларуску.
Пасля звальнення з настаўніцкай працы асвоіў працу садавода. Вывеў каля 500 гатункаў яблыні, 100 гатункаў ігруш, многія гатункі сліваў, бэзу, ружаў. У многіх садах нашага краю растуць яблыкі "Памяць Сікоры” – яны смачныя і добра захоўваюцца.
Віктар Сікора, сын Івана, пры нямецкай акупацыі быў сябрам Саюза беларускай моладзі і таемнай Беларускай незалежніцкай партыі. Пасля прыходу Чырвонай арміі ўзначаліў антысавецкі партызанскі атрад. Адседзеў дзесяць год у ГУЛАГу, вярнуўся ў 1954 годзе. Жыў у Малых Алашках, памёр у 2008 годзе.
Іван Сікора памёр у 1966 годзе. Некалькі год таму сябры культурна-асветніцкага цэнтра імя Язэпа Драздовіча набылі хату садавода, падтрымліваюць там парадак. |
Категория: Беларусь | Добавил: Admin (04.05.2012)
|
Праглядаў: 896
| Рейтинг: 0.0/0 |
Добавлять комментарии могут только зарегистрированные пользователи. [ Рэгістрацыя | Уваход ]
|
|