«Цёплы лес» як месца масавых расстрэлаў часта фігуруе ва ўспамінах мясцовых жыхароў. Зьвесткі пра сталінскія рэпрэсіі ў навакольлі Віцебску даўно зьбірае актывіст Кансэрватыўна-Хрысьціянскай партыі БНФ Ян Дзяржаўцаў. Менавіта ад тутэйшых старажылаў і давялося пачуць аповед пра расстрэлы ў «Цёплым лесе», кажа актывіст:
«Ва ўрочышчы „Цёплы лес“ з пачатку 1930-х гадоў адбываліся расстрэлы мірных жыхароў. Зь месяц прыкладна таму мяне сюды прыводзіў адзін паважаны чалавек, які жыў тут побач, калі быў малы. І распавёў, што ў маленстве яны з двума хлопцамі пайшлі ўпоцемках у „Цёплы лес“. І ўбачылі, што пад’яжджае машына, спыняецца, ня выключыўшы фараў. З кузава выганяюць людзей — хлопцы бачылі іхныя постаці і потым чулі стрэлы. Прычым тут такое было не адзін раз, а неаднойчы».
Ян Дзяржаўцаў вырашыў, што памятны крыж павінен стаяць у тым месцы, якое паказаў сьведка — пад гарой, у балоцістай нізінцы, зусім недалёка ад шашы, якая вядзе зь Віцебску ў Лужасна. На крыжы актывісты прымацавалі шыльдачку: «У памяць бязьвінных ахвяраў сталінскага тэрору, расстраляных ва ўрочышчы „Цёплы лес“ катамі НКВД у 1931–40 гадах на загад савецкай улады». На крыж павязалі жалобныя чорныя стужкі і стужку зь беларускім нацыянальным арнамэнтам, унізе паставілі запаленую сьвечку, усклалі кветкі.
Крыж з шыльдачкай падобнага зьместу, аздоблены стужкамі, зьявіўся і на ўзьлеску каля вёскі Хайсы Віцебскага раёну. Тут таксама, паводле мясцовых жыхароў, у 1930-х гадах адбываліся сталінскія расстрэлы. Але на меркаваным месцы расстрэлаў некалькі гадоў таму пабывалі «чорныя капальнікі», месца апошняга спачыну невядомых ахвяраў было раскапана, і жыхары бліжэйшых вёсак пачалі абурацца, што па лесе раскіданыя чалавечыя косткі. Сытуацыю не зьмянілі нават звароты ў міліцыю і да мясцовых уладаў: вяскоўцам сказалі «ня лезьці не ў свае справы».
Пытаньне пра дасьледаваньне пахаваньня ўзьнялі віцебскія актывісты, якія стварылі грамадзянскую ініцыятыву «Хайсы». Яшчэ год таму тут зьявіліся першыя крыжы, асьвечаныя сьвятаром. Праз пэўны час самаробны мэмарыял складаўся ўжо зь пяці крыжоў, усталяваных на ўскрайках вялікіх ям, у якіх ляжалі чалавечыя косткі і чарапы з кулявымі адтулінамі.
Цяпер на месцы невядомага пахаваньня працуе вайсковы пошукавы батальён, выкліканы ўрэшце мясцовымі ўладамі. Чыноўнікі сельскага савету цьвердзяць, што невядомае пахаваньне каля Хайсоў — часу Вялікай Айчыннай вайны, і ігнаруюць сабраныя актывістамі сьведчаньні мясцовых жыхароў пра сталінскія расстрэлы.
У верасьні невядомыя вандалы скралі ўсе пяць мэмарыяльных крыжоў. Ян Дзяржаўцаў напісаў з гэтае нагоды заяву ў міліцыю. Крымінальную справу супрацоўнікі Віцебскага райаддзелу міліцыі чамусьці заводзіць ня сталі, але праверку па заяве распачалі. Вандалаў дагэтуль не знайшлі, але знайшліся чатыры крыжы: два зь іх у балоце непадалёк выпадкова заўважыў актывіст КХП БНФ Сяргей Каваленка, яшчэ два знайшлі Ян Дзяржаўцаў разам зь міліцыянтам, які праводзіць праверку.
Цяпер на месцы пятага крыжа, які зьнік незразумелым чынам і дагэтуль ня быў знойдзены, актывісты ўсталявалі новы.
http://www.svaboda.org/content/na-miescy-stalinskich-rasstrelau-pad-viciebskam-zjavilisia-novyja-kryzy/27334134.html
|