Валун, які сёньня апусьцілі на магілу Рыгора Барадуліна, важыць дзьве з паловай тоны. На ім высечаны крыж і надпіс «Рыгор Барадулін. Сын. 1935–2014». Побач будзе стаяць помнік маці паэта.
Ігар Засімовіч, скульптар, які стварыў мэмарыяльны комплекс, сказаў, што астатнія працы, якія трэба зрабіць на могілках, будуць цягнуцца дзён 10 —залежна ад надвор’я. Паводле ягонай задумы, усю пляцоўку зь дзьвюх магілаў — маці і сына — закладуць жорнамі, якія звозілі з усяго рэгіёну. Жорны — гэта сымбаль вечнасьці, сялянскай працы, беларускасьці.
Супрацоўнікі МНС знайшлі аптымальную траекторыю, каб апусьціць валун верталётам на магілу.
25 чалавек цягам дня нанасілі на магілу Рыгора Барадуліна 800 вёдзер цэмэнту.
Сам валун узялі зь вёскі Кублічы, дзе хадзіў у школу Васіль Быкаў.
Прадстаўнік Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Глеб Лабадзенка адзначыў, што вельмі вялікую дапамогу і спрыяньне аказвалі мясцовыя ўлады.
http://www.svaboda.org./content/article/27368785.html |