У хуткім часе будуць праведзеныя сходы сябраў і прыхільнікаў Руху “За Свабоду” у абласных, а таксама буйных раённых гарадах, паведаміў першы намеснік старшыні арганізацыі Юрась Губарэвіч.
“З удзелам кіраўніцтва арганізацыі перадусім будзе ацэнены кадравы патэнцыял і абмеркаваныя пытанні, звязаныя з нашай дзейнасцю падчас дзвюх выбарчых кампаній – прэзідэнцкай і парламенцкай у 2015 і 2016 гадах”, - заявіў Губарэвіч у інтэрв’ю Pyx.by.
"Сёлета мы традыцыйна возьмем актыўны ўдзел у назіранні, у планах таксама праца на кандыдата, які можна быць вылучаны з шэрагаў Руху “За Свабоду” альбо падтрыманы намі.
Я нездарма згадаў пра ацэнку кадравага патэнцыялу. На парламенцкія выбары Рух “За Свабоду” можа выставіць шэраг кандыдатаў, якія пойдуць да выбаршчыкаў адной камандай з кандыдатамі ад партнёрскіх партый і арганізацый, што сумесна прасоўваюць ініцыятыву “Народны рэферэндум”, - адзначыў адзін з кіраўнікоў Руху.
Удзел у парламенцкіх выбараў у такім фармаце паспрыяе павелічэнню колькасці прыхільнікаў мірных пераменаў, сказаў Губарэвіч:
“А менавіта такую стратэгічную мэту мае “Народны рэферэндум”. Апрача таго, такім чынам мы гартуем рэгіянальных лідараў і гуртуем вакол іх актыўных грамадзян”.
Што да прэзідэнцкіх выбараў, то пры аптымальным варыянце Рух “За Свабоду” выступае за абранне адзінага кандыдата ад апазіцыі, заявіў Юрась Губарэвіч:
“Ім можа стаць у тым ліку і той палітык, па персоне якога спачатку будзе знойдзены кампраміс сярод арганізацыяй і партый, што бяруць удзел у кампаніі “Народны рэферэндум”.
Але тут больш важная нават не асоба адзінага кандыдата, а яго пазіцыя і праграма. Так, для Руху “За Свабоду” істотна, каб, апрача пытанняў “Народнага рэферэндуму”, у праграме “адзінага” была артыкулявана праблема незалежнасці Беларусі і геапалітычнага выбару”.
|