НАВІНЫ

Галоўная » Статьи » Беларусь

Шляхам да Вострай Брамы

Вось ужо некалькі гадоў штогод у канцы чэрвеня ў нас пачынаюцца моладзевыя праваабарончыя школы. Чаму яны праходзяць толькі ўлетку і за мяжою, у Вільні, гэта асобная гісторыя. Праваабарончыя школы — асаблівая, унікальная старонка дзейнасьці беларускіх праваабаронцаў. Дзіцё некалькіх беларускіх праваабарончых арганізацыў, школы напачатку меркаваліся ў Беларусі. Але пасьля зрыву па вядомых прычынах падобнай школы, якую ладзіла Незалежнае таварыства прававых дасьледаваньняў, за суткі да яе пачатку, мы вырашылі не рызыкаваць ані сваімі нервамі, ані рэпутацыяй і перамясьцілі іх за мяжу.

Самая першая школа прайшла пад Кіевам, другая ў Чарнігаве, а ўсе наступныя мы ладзілі ўжо ў будынку Беларускага Дома правоў чалавека ў Вільні.

Да мінусаў віленскага навучаньня можна аднесьці патрэбу кожны раз рабіць шэнгенскія візы для лектараў і ўдзельнікаў школ. Але вольная, п’янкая атмасфера летняй расьпешчанай гарачынёй Вільні з каптуром пераважала ўсе мінусы. За некалькі гадоў існаваньня школы была адпрацаваная яе праграма. Лектарамі ў школе выступалі вопытныя і абазнаныя праваабаронцы. І хаця тэмы, якія выкладаюцца і абмяркоўваюцца падчас заняткаў, даволі агульныя, у асноўным у іх разглядаюцца нацыянальныя і міжнародныя механізмы абароны правоў чалавека, гісторыя і філасофія правоў чалавека, але інтэнсіўнасьць, насычанасьць, інтэрактыўнасьць заняткаў, дадатковыя веды, датычныя беларускай гісторыі Вільні, жыцьцё навучэнцаў усе гэтыя дні адным калектывам ствараюць неперадавальную атмасферу нашых школаў і робяць іх не падобнымі ні на якія іншыя.

Я таксама быў далучыўся да стварэньня школаў, меў выклады, распавядаў пра гісторыю правоў чалавека ў Беларусі. За лета ў Вільні праходзіла некалькі школаў, і я звычайна прыязджаў у дні сваіх заняткаў, а затым зьязджаў дадому. Так было і гэтым разам, хаця падаткавая інсьпекцыя ўжо пачала сваё расьсьледаваньне. На яе прэтэнзіі пры дапамозе адваката я падрыхтаваў і адаслаў адказ. Заставалася толькі чакаць вынік разгляду. Прагнозы былі песімістычнымі. У выпадку, калі мае аргументы былі б адхіленыя падаткавай інсьпекцыяй, тады ў гульню мусіў уступіць Дэпартамент фінансавых расьсьледаваньняў.

Між тым я паехаў на першую школку. Я быў ужо ў цягніку, калі патэлефанавала мая каляжанка і сказала, што ў дзьверы нашай кватэры-офіса звоніць участковы міліцыянт. Я разьнерваваўся: "Не адчыняйце яму! Скажыце, што гаспадара няма, а безь яго ён забараніў адчыняць каму б там ні было. І яшчэ скажыце, што ў нас ужо пабывалі ўсе, хто толькі хацеў, і што яму няма чаго там рабіць!” Мая каляжанка так і зрабіла.

Затым я вярнуўся ў Менск, а праз паўтара тыдня ізноў паехаў у Вільню на другую моладзевую праваабарончую школку. І я ўжо не зьдзівіўся, калі ізноў патэлефанавала мая каляжанка і сказала: "Алесь, у нас на офісе міліцыя!”— "Спытайся, калі ласка, адкуль яны, няхай прадставяцца”, — папрасіў я. Я чуў па тэлефоне, як яна казала некаму: "Вось на тэлефоне гаспадар кватэры. Вы хочаце зь ім паразмаўляць?” Міліцыянт узяў тэлефон. "Я гаспадар кватэры! Што вы там робіце?” — "Я такі і такі, — прадставіўся міліцыянт, — зь міграцыйнага адзьдзела Першамайскага РУУС. Мы мусім зрабіць у вас агляд, бо на кватэру заносілі падазроныя скрынкі”. Голас яго быў ціхі і ў нечым нават вінаваты. "Якія скрынкі? — ледзь не крычаў я ў трубку. — Перадайце трубку жанчыне!” — "Я тут, — адказала каляжанка. "Гані іх адтуль! Няхай глядзяць, што там іх цікавіць, і выганяй іх!” — "Алесь, — адказала яна, — я тут пакуль што адна, але праз паўгадзіны ў нас будзе прэс-канферэнцыя. Таму і дзьверы ў кватэру былі адчыненыя”. — "Вось жа, зараза, — непакоіўся я, — а яны што хочуць?” — "Буду разьбірацца”, — адказала яна. "Трымайся і патэлефануй, калі ласка, нашым юрыстам”, — папрасіў я яе.

За вакном цягніка мільгала ўжо Заслаўе. Пасьля гэтай размовы мне стала зразумелай мэта візіту міліцыянтаў зь міграцыйнай службы. Прэс-канферэнцыю ў нас на офісе мусіла праводзіцьміжнародная назіральная група. Яна зьбіралася прадставіць вынікі назіраньня за ўвесь перыяд ад пачатку працы місіі. Каардынатарамі місіі быў падрыхтаваны выніковы даклад. На сустрэчу былі запрошаныя журналісты. Але вось замест іх загадзя зьявіліся міліцыянты. Я ізноў патэлефанаваў маёй адважнай каляжанцы, запытаўся, дзе няпрошаныя госьці. Яны былі яшчэ ў офісе. Я папрасіў яе папярэдзіць удзельнікаў прэс-канферэнцыі.

Такім чынам, нічым асабліва не адметная прэс-канферэнцыя міжнароднай назіральніцкай місіінабыла скандальнае адценьне. У выніку яе ўдзельнікі, расійскія і ўкраінскія праваабаронцы, раздавалі журналістам свае каментары проста на вуліцы непадалёк ад офіса. Міліцыя ж, патаптаўшыся ў офісе з гадзіну, сышла. І ўвесь гэты час мая бедная каляжанка праводзіла зь імі перамовы. "Алесь, — сказала яна па тэлефоне, калі міліцыянты ўрэшце сышлі, — у мяне трашчыць галава”. — "Ты малайчынка, — адказаў я ёй, — у мяне проста няма слоў”. У мяне сапраўды не было слоў. Усе апошнія месяцы разыгрываўся, як падавалася, нейкі ненатуральны фарс. Толькі замест актораў тэатра ў ім удзельнічалі сур’ёзныя пахмурныя дзядзькі і мы.

Я ехаў у Вільню, пазіраючы ў акно на навакольныя краявіды і не бачачы, не заўважаючы іх. Гэта ж трэба так усхвалявацца і разьнервавацца! А дарога ж зь Менску ў Вільню па чыгунцы — адная з найпрыгажэйшых дарог у Беларусі.

Багата разоў праязджаючы ў гэтым накірунку зь Менска да Краснага, дабіраючыся да Ракуцёўшчыны, дзе знаходзілася філія музея М. Багдановіча, дырэктарам якога я быў, а ў апошнія гады часта езьдзячы ў Вільню, я кожны раз не мог наглядзецца маляўнічымі пейзажамі мілай Радзімы. Цяжка мне ўтрымацца ад словаў захапленьня і неперадавальнага словамі сентыментальнага пачуцьця, якія кожны раз ахопліваюць мяне, калі я паглядаю на гэтыя ўзгоркі, лагчыны, пералескі і палі, на сіняе ў белых аблоках неба. І беларускія драўляныя хаты, размаляваныя традыцыйна ў зялёны, жоўты і блакітны колеры, і касьцёлы і цэрквы ў Заслаўі, Плябані, Красным і Солах, і нейкая асаблівая дагледжанасьць і палеткаў, і сялібаў, і няяркі каларыт беларускай прыроды, які так адпавядае нацыянальнаму характару беларусаў. Я кожны раз імкнуўся запомніць убачанае, насыціць свой неспатолены погляд, і не магу. Не стамляюся глядзець ізноў і ізноў, адкрываючы для сябе ўсё новыя і новыя рыскі і сюжэты, не заўважаныя раней. Ды і ці магчыма гэта, калі ў кожны месяц, у кожную пару года нават знаёмыя відарысы выглядаюць зусім па-іншаму. І я сквапна паглядаю, проста ўбіраю ў сябе ўбачанае, як быццам бы змагу забраць усё з сабою, калі прыйдзецца некалі сыходзіць з гэтай зямлі.

Вільня ўлетку поўная турыстаў. Яны прылятаюць з Англіі самалётамі папіць на выходныя літоўскага піва. Пералёт — танны, пражываньне і піва ў Вільні таксама недарагія. Вось і атрымліваецца для звычайнага ангельскага рабацягі: ці прасядзець выходныя ў суседнім з хатаю пабе, ці зьлётаць у Вільню выходзіць тое на тое.

Аўтобусамі прыязджаюць палякі, у асноўным пенсіянеры, ходзяць па гістарычных мясьцінах з экскурсаводам. У таго ў руках доўгая тычка са стужкаю на канцы. Ён уздымае яе, каб было відаць, дзе стаіць.

Ходзяць невялікімі купкамі, гучна галёкаюць расіяне. Мужыкі з барсеткамі на пузах, жанчыны зь яркім макіяжам. У іх, як правіла, сямейны адпачынак.

На ангельскі манер, купкамі ходзяць літоўскія дзяўчаты, у сьвяточных сукенках, з кветкамі ў руках, вяселяцца, сьмяюцца, абдымаюць адзінокіх мужчынаў. Так яны адзначаюць у дзявочай кампаніі апошні перад вясельлем дзень. Гэтаксама п’янаватымі гуртамі цягаюцца па віленскіх вулках і хлопцы. У гарнітурах пад гальштукамі, задзіраюць праходзячых дзяўчат, у руках у іх надзьмутыя шары ў выглядзе мужчынскіх чэлесаў. Усе мінакі ставяцца да іх прыязна, з разуменьнем. Гэта, відавочна, новая традыцыя, уплыў вялікай літоўскай эміграцыі за межы Літвы і вяртаньне яе назад. Пасьля ўступленьня ў Еўразьвяз Літва раскрылася на Захад. Літоўцы масава паехалі на заробкі ў Англію, Ірландыю, Бельгію, у тыя багатыя еўрапейскія краіны, дзе можна добра зарабіць. Але, без сумненьня, выхаваныя на сваёй гісторыі і ў любові да Радзімы, большасьць зь іх вернецца празь нейкі час, прывязуць грошы, кантакты, сувязі, якія канчаткова зьвяжуць, зьяднаюць адарваную Саветамі на паўстагодзьдзя Літву зь Еўропаю.

У цэнтры гістарычнай Вільні арганізаваных беларусаў не ўбачыш. Яны пэўна ж тут ёсьць, але нябачныя і нячутныя, расьсеяныя, замаскіраваныя і разбаўленыя іншымі.

Гурты супляменьнікаў можна заўважыць толькі каля Віленскага Дома правоў чалавека, які арандуе будынак у цэнтры. Мабыць, паболей іх відаць каля будынкаў Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта, студэнты ў якім — у асноўным моладзь зь Беларусі. Але ж найбольшая гушчыня беларусаў у Вільні — у супермаркетах. Асабліва багата землякоў у велізарнай краме "Акропаліс”, які нашыя дзяўчаты жартаўліва перайменавалі ў "Апакаліпсіс”. Вось там ты дакладна пачуеш "і звонкае "дзе”, і густое "чаго”. Расчырванелыя, узбуджаныя твары беларускіх кабетаў са зьзяючымі вачыма, зь вялікімі вазкамі, набітымі патэльнямі, адзеньнем, посудам, насеньнем, каваю, сокам, памперсамі, мясам, сырам, кілбасою і вяндлінамі, пральным парашком, туалетнай папераю, мяняючыя крэўныя даляры і еўра ў адзьдзяленьнях банка, якія знаходзяцца ў краме, на літы, ці ў адзьдзеле з алкаголем, разглядаючы і ажыўлена абмяркоўваючы віскі і тутэйшыя моцныя настойкі. Стайкі дзяцей, якія сьціпла хваляцца адзін аднаму купленымі дробязямі. Гэта ўсё — беларусы, і пошасьць спажывецтва мёртвай хваткаю трымае іх у сваіх пульхных руках.

Категория: Беларусь | Добавил: Fox (29.11.2013)
Праглядаў: 588 | Теги: Алесь Бяляцкі, праваабаронцы | Рейтинг: 0.0/0
Всего комментариев: 0
Добавлять комментарии могут только зарегистрированные пользователи.
[ Рэгістрацыя | Уваход ]
Форма Увахода
Катэгорыі раздзелу
Еўропа [74]
Беларусь [132]
Віцебск [108]
Рэгіён [77]
Еўраклуб [44]
Адукацыя [110]
Гісторыя [11]
ВЫБОРЫ 2014 [15]
Відэа [13]
Пошук
Навіны Свету
Нашыя партнэры
 Рух  Менскі Еўраклуб Каталог TUT.BY  Віцебскі Еўраклуб вітае гасьцей  Менскі Еўраклуб  Народны журналіст

Конкурс на лепшага знаўцу паўстання Кастуся Каліноўскага

Статыстыка