У кастрычніку і лістападзе пабачылі свет тры кнігі вядомага краязнаўцы з Камарова (Мядзельскі раён), які нарадзіўся на Пастаўшчыне – Івана Пятровіча Драўніцкага. Яны складаюць своеасаблівую трылогію, у якой распавядаецца пра маланаселеную частку Астравеччыны (гісторыю паселішчаў, лёсы іх жыхароў і знакамітых людзях, якія нарадзіліся ў гэтых мясцінах), дзе давялося ў маладым узросце працаваць настаўнікам Івану Пятровічу Драўніцкаму.
Першая кніга “У мядзведжым кутку” – распавядае пра былое мястэчка Клюшчаны і навакольныя вёскі, другая кніга “На правабярэжжы Страчы”- пра вёскі ўздоўж самай хуткай і чыстай ракі Беларусі, прытока Віліі – Страчы. Трэцяя кніга “Наваколле Сарачанскіх азёр” – пра ўнікальны куток нашай Беларусі з амаль не кранутай прыродай, які на жаль у хуткім часе будзе інтэнсіўна эксплуатавацца людзьмі.
Кнігі напісаныя на добрай роднай мове. Аўтар быў жывым сведкам шматлікіх падзей, а таксама быў асабіста знаёмы з людзьмі, пра якіх з любоўю распавядае ў кнігах.
Таксама пабачыў свет першы зборнік з серыі “Міфалагічная спадчына”, які называецца “Легенды і паданні Нальшчанскага Паазер’я”, дзе надрукаваныя легенды і паданні, сабраныя мясцовымі краязнаўцамі з Мядзельшчыны, Астравеччыны і Пастаўшчыны (у старажытныя часы гэта тэрыторыя ўваходзіла ў склад Нальшчанскага княства). Укладальнікам гэтага зборніка таксама з’яўляецца Іван Пятровіч Драўніцкі.
Ужо адбыліся прэзентацыі кніг на Астравеччыне. Мяркуецца яшчэ іх правесці ў Свіры, Камарове (Мядзельшчына), а таксама на Пастаўшчыне.
Зараз рыхтуецца другі зборнік з гэтай серыі, укладальнікам якога будзе Ігар Пракаповіч. |