НАВІНЫ

Галоўная » Статьи » Рэгіён

Чарговы сьведка пераконвае: у Вераб’ёвым лесе пахаваныя ахвяры сталінскіх рэпрэсіяў

У сьнежні ў газэце «Витебские вести» зьявіўся артыкул «Актывісты знайшлі забытае пахаваньне ў Віцебскім раёне», аўтар якога пераконвае: «віцебскія “Курапаты” – гэта чарговае рэха вайны».Паводле аўтара, грамадзкія актывісты памыляюцца, і ўсе факты сьведчаць, што знойдзеныя ў лесе пад Хайсамі парэшткі належаць ахвярам вайны. Дзеля пацьверджаньня такой вэрсіі прыцягваюцца аўтарытэтныя сьведкі. Тут вам і археоляг пошукавага батальёну Вадзім Тамілін, і дзёньнік баявых дзеянняў атраду імя Курмялёва 1-й Беларускай партызанскай брыгады. Толькі вось калі чытаць уважліва, атрымліваецца, што і Вадзім Тамілін не зусім упэўнены («страчана значная колькасьць прадметаў, з дапамогай якіх магчыма зрабіць больш дакладнае датаваньне…»), і дзёньнік той невядома хто бачыў і невядома, што ў ім канкрэтна напісана.

Як мяркуюць грамадзкія актывісты, калі б прадстаўнікі ўлады насамрэч дбалі пра аб’ектыўнае расьсьледаваньне, то зважылі б на сьведчаньні і мясцовых жыхароў, якія добра ведаюць пра падзеі той далёкай і трагічнай гісторыі. На сёньня каля дваццаці жыхароў вёсак Хайсы, Дрыкольле, Мазалава, Лужасна і гораду Віцебску засьведчылі той факт, што навакольнае жыхарства трывала зьвязвае пахаваньні ў лесе са сталінскімі рэпрэсіямі. Але чакаць ад чыноўнікаў аб'ектыўнасьці і неперадузятасьці – значыць не разумець прыроды і сутнасьці гэтай улады. І зьдзіўляцца тут няма чаму: стаўленьне дзяржаўных службоўцаў да тэмы сталінскіх рэпрэсіяў аднолькавае па ўсёй Беларусі.

Згаданы вышэй артыкул стаіць у адным шэрагу з сумнавядомым опусам маладога пісьменьніка Андрэя Лазуткіна, які зусім нядаўна паспрабаваў пераканаць грамадзкасьць у тым, што ў Курапатах пахаваныя ахвяры нацыстаў. Але ня трэба зьдзіўляцца гэткай пазыцыі. У дзяржавах, дзе ня цэняцца палітычныя свабоды і правы чалавека, гэткае стаўленьне да чалавечага жыцьця і памяці пра мінулае зьяўляецца нормай. І ў такіх дзяржавах заўжды будзе процьма лазуткіных, згодных дзеля мітычнага гонару мундзіру і трываласьці рэжыму ісьці на любыя фальсыфікацыі і скажэньні. Зразумела, што ўлада, якая не асудзіла альбо не пакаялася за тэрор з боку сваіх папярэднікаў, ужо паводле свайго азначэньня ня можа быць маральнай. Таму чакаць ад яе маральных рашэньняў не выпадае.

Адзінае, што застаецца ў сёньняшніх умовах любому сумленнаму беларусу, – гэта трымацца сьвядомай грамадзянскай пазыцыі па ўсіх прынцыповых пытаньнях. І, дзякуй Богу, людзей з такой пазыцыяй нямала.

Кажа ўраджэнец вёскі Буева (Мазалава) Ганчароў Зьміцер Сьцяпанавіч (1928 году нараджэньня), жыхар вёскі Хайсы:

– Падзеі, пра якія я распавяду далей, адбыліся ў 1939 годзе. На той час ў калгасе было недзе дзесяць – пятнаццаць цялят. І мы ўдвох ганялі іх у поле. Нас тады рана змушалі працаваць. Мой напарнік быў гады на два-тры старэйшы за мяне. Звалі яго Борахаў Павал. Летам мы зь ім былі пастухамі. Пасьля, у час вайны, немцы затрымалі яго і адправілі ў Нямеччыну, але дадому ён вярнуўся.

Пад вечар, бывала, як толькі пачынала зьмяркацца, па шашы з гораду рушылі закрытыя машыны з кратамі на вокнах, якія потым збочвалі на пераезд у бок Вераб’ёвага лесу. Мы тады ня ведалі і казалі: «А што гэта яны возяць туды?»

Дык вось аднойчы ўвечары, прыгнаўшы быдла з пашы, мы не далічыліся ў хляве аднаго цялятка. Пайшлі шукаць, а ўжо цямнела. Якраз толькі што праз пераезд прайшла чарговая машына з закратаванымі вокнамі. Часам цяляты пераходзілі чыгунку, і таму мы пайшлі шукаць цялё на той бок. Чуем стрэлы, глухія такія, не зь вінтоўкі. Як я цяпер разумею, то пісталетныя стрэлы былі. Я і кажу сябру: «Давай вернемся, страшна!» Але той не пагаджаецца: «Не! Пойдзем! Мо’ яны наша цялятка забілі ды лупяць, а потым ў сваю машыну забяруць – і шукай тады ветру ў полі!» Толькі мы адышлі мэтраў трыццаць ад чыгункі, як з кустоў падыходзяць да нас двое ў форме: «Вы што тут робіце?» Павал дык не заплакаў, а я адразу зарумзаў, спалохаўся. Мы патлумачылі, зь якой прычыны цягаемся тут паначы. А тыя ў адказ: «Сыходзьце адсюль, каб больш тут не зьяўляліся!» Дык мы адразу і сышлі. А цялё нашае на наступны дзень знайшлі ў балацінцы. Здохла яно. З бацькі тады за згубу некалькі працадзён зьнялі.

Яшчэ магу прыгадаць такі выпадак: распавядаў мне пасьля вайны брыгадзір калгасу Ерамееў Антон, яны раней на хутары недалёка ад пераезду жылі. Зьбіраліся мужчыны, распавядалі – казалі, што ў Вераб’ёвым лесе расстрэльвалі. Чуў я пра гэта не аднойчы. У 39-м годзе ўсіх з хутароў у калгасы зганялі, хату Ерамеева таксама перавезьлі ў вёску. Дык вось ён аднойчы прыехаў на былую сядзібу забраць нешта з таго, што засталося. Недалёка ад свайго агароду заўважыў сьвежапрыкапаную яміну. Падышоў. Казаў, што, нібыта, месцамі зямля варушылася. Капануў ботам пясок, заўважыў рукаў пінжака, колер якога падаўся знаёмым. Да вайны ў нас быў старшыня калгасу Рамашка, харошы такі чалавек быў. Імені ягонага, на жаль, ня памятую. Я яшчэ зь ягонай дачкой разам у школе вучыўся. А яго якраз у той год забралі. Прыехалі сярод ночы і зьвезьлі. Ерамееву падалося, што пінжак той належаў старшыні. Ён пайшоў да Рамашкавай жонкі і расказаў ёй пра знаходку. Ня ведаю, ці хадзіла тая ці не. Людзі тады напалоханыя былі, бабы нават у ягады і грыбы ў той лес не хадзілі. Пасьля вайны яна з дачкой некуды зьехала.

Пра якія-кольвек масавыя расстрэлы мірнага жыхарства ў навакольлі Хайсоў падчас вайны Зьміцер Сьцяпанавіч, як і іншыя сьведкі, нічога ня ведае. Да таго ж адзначыў, што, калі б яны і былі, то немцы ня сталі б вазіць сваіх ахвяраў гэтак далёка ў лес і хаваць іх ў дзясятку ямінаў. Зазвычай немцы расстрэльвалі і хавалі ў адным месцы і ў адной вялізнай яміне. Пра гэта сьведчыць і нядаўна ўшанаванае дзякуючы ўспамінам Лідзіі Іванаўны Сухадольскай невядомае пахаваньнеахвяраў вайныля вёскі Бараўляны Віцебскага раёну, якое знаходзіцца побач з дарогай на ўскрайку могілак.

Зьміцер Сьцяпанавіч без ваганьняў пагадзіўся паказаць нам тыя мясьціны, пра якія распавёў. І пакуль мы ехалі да Вераб’ёвага лесу, успаміны пераносілі яго ў даваенныя часы. Ён прыгадваў хутарское жыцьцё, назвы ўрочышчаў, лясоў, няісных ужо паселішчаў і іх насельнікаў. У тым месцы, дзе да вайны быў пераезд, мы перайшлі чыгунку і рушылі ў бок лесу, адкуль у 1939 годзе даносіліся пісталетныя стрэлы.

Відаць было, што нядаўна засыпаныя пасьля эксгумацыі чалавечых парэшткаў байцамі пошукавага батальёну яміны і памятныя крыжы вельмі ўзрушылі Зьмітра Сьцяпанавіча. Заклапочаны далейшым лёсам парэшткаў, ён усё перапытваў, а ці можа так стацца, што іх проста выкінуць?

http://vitebskspring.org/be/news/2767

Категория: Рэгіён | Добавил: Admin (04.01.2016)
Праглядаў: 709 | Рейтинг: 5.0/1
Всего комментариев: 0
Добавлять комментарии могут только зарегистрированные пользователи.
[ Рэгістрацыя | Уваход ]
Форма Увахода
Катэгорыі раздзелу
Еўропа [74]
Беларусь [132]
Віцебск [108]
Рэгіён [77]
Еўраклуб [44]
Адукацыя [110]
Гісторыя [11]
ВЫБОРЫ 2014 [15]
Відэа [13]
Пошук
Навіны Свету
Нашыя партнэры
 Рух  Менскі Еўраклуб Каталог TUT.BY  Віцебскі Еўраклуб вітае гасьцей  Менскі Еўраклуб  Народны журналіст

Конкурс на лепшага знаўцу паўстання Кастуся Каліноўскага

Статыстыка