Непасрэдна з візітам прадстаўнікоў Віцебскага аблвыканкаму Леанід Аўтухоў і звязвае сваё затрыманне: "У нас тут вострая праблема – зачынілі рынак у цэнтры Гарадка, а прадпрымальнікаў выганяюць на стадыён каля тэхнікума, дзе толькі лужы і бруд. Няма там ні электрычнасці, ні вады, ні нават плоту. Таму яны не хочуць туды перабірацца і працаваць па калена ў брудзе. 8 студзеня прадпрымальнікі занеслі чарговую скаргу ў райвыканкам, бо з пачатку месяца яны ўсе – каля 80 чалавек – фактычна беспрацоўныя. Я размаўляў з імі каля райвыканкаму. Але яны мне казалі, што не хочуць, каб да іх праблем прымешвалі нейкую палітыку. І нават прасілі мяне сысці. Я і сышоў. Але ўжо сёння, 9 студзеня, паехаў на машыне сустракаць журналістаў, якія зацікавіліся праблемай з кірмашом і прадпрымальнікамі. У дарозе мяне спынілі, прычын не патлумачылі, а ўжо ў міліцыі паказалі ліст ад нейкага "Ананіма". Хто яго напісаў, Леанід Аўтухоў не ведае. Але не можа выключаць, што да гэтага нейкае дачыненне маглі мець і самі міліцыянты, бо 9 студзеня ў Гарадку чакалі прадстаўнікоў аблвыканкаму. І супрацоўнікам РАУС не хацелася дадатковых праблем, працягвае спадар Аўтухоў: "Мяне цалкам беспадстаўна трымалі ў міліцыі, каб узяць тлумачэнні пра тое, што напісана ў нейкай ананімцы! "Ананімкі" па законе ўвогуле не разглядаюцца. І я страціў час і не дапамог людзям, якія разлічывалі, што я правяду іх па незнаёмым горадзе. Мяне апытвалі паводле артыкула 23.34 наконт правядзення несанкцыянаванай акцыі. Але ж ніякіх акцый не было, і нават за намеры ў нас не судзяць. Хаця, як высветлілася, тлумачэнні бяруць. А ўсё з-за таго, што ў Гарадку складаецца дужа нервовая сітуацыя, звязаная з правядзеннем у нас "Дажынак -2014". Менавіта з-за "Дажынак" і адбыўся канфлікт на кірмашы. Прадпрымальнікам было заяўлена, што кірмаш мае непрэзентабельны выгляд, і што на ягоным месцы будзе збудаваны новы гандлёвы цэнтр, паведамляе сайт haradok.info, асвятляючы дадзеную сітуацыю. Аднак ужо стала вядома, што гандлёвы цэнтр будаваць не будуць – на гэта няма грошай. Толькі і прадпрымальнікам вярнуцца на кірмаш у цэнтры Гарадка не дазваляюць – загадваюць пераязжаць на стадыён. Але толькі да вясны. Бо і там пачнецца рэканструкцыя да "Дажынак". Праз падрыхтоўку да гэтага святкавання ўсе жыхары сталі закладнікамі грашовай праблемы: мясцовыя ўлады наабяцалі шмат, але на выкананне задумак бракуе грошай. У Гарадку нават не адзначылі юбілей раёна ў снежні мінулага году – бо на цэнтральнай плошчы ідзе рэканструкцыя, завяршыць якую сродкаў не хапае.
|