Напрыканцы 2014 года адбыўся семінар “Кодэкс рэкамендаванай практыкі грамадзянскага ўдзелу ў працэсе прыняцця рашэнняў” для актывістаў грамадскіх ініцыятыў і арганізацый Глыбоцкага і Пастаўскага раёнаў. Гэтае навучанне арганізавала Віцебскае грамадскае аб’яднанне “Самакіраванне і грамадства”
Пад час сустрэчы былі разгледжаны розныя пытанні якія датычацца ўдзелу грамадзян у працэсе прыняцця рашэнняў, а таксама асобныя пытанні мясцовага самакіравання.
У прыватнасці было разгледжана пытанне аб Еўрапейскай хартыі мясцовага самакіравання, як сучаснай аснове ўдасканалення дзейнасці на мясцовым узроўні. Пры гэтым было адзначана, што ў беларускім заканадаўстве маюцца ўмовы для падпісання краінай Еўрапейскай хартыі мясцовага самакіравання, але само развіццё мясцовага самакіравання ў краіне не адпавядае духу Еўрапейскай хартыі.
Пад час сустрэчы вялася гаворка пра прававыя асновы ўдзелу грамадзян у вырашэнні пытанняў на мясцовым узроўні і шляхі паляпшэння гэтага ўдзелу. Была звернута ўвага на тое, што ў краіне маюцца на нацыянальным узроўні нормы, якія забяспечваюць удзенл грамадзян у прыняцці рашэнняў, але на мясцовым узроўні гэтыя нормы часам адсутнічаюць у адпаведных нарматыўных актах.
Удзельнікі семінару атрымалі інфармацыю аб даследаванні дадзенага пытання ў межах Форума грамадзянскай супольнасці Усходняга партнерства. У гэтым даследаванні было заяўлена адносна неабходнай палітыкі ці ініцыятываў, якія ўзмацняюць ўдзел грамадзян на мясцовым узроўні, найбольш важныя і агульныя чаканні тычацца наступнага. На нацыянальным узроўні неабходна прыняцце спецыяльнага закона аб удзеле грамадзян у мясцовым самакіраванні, а таксама патрэбна гарманізацыя адпаведнага нацыянальнага заканадаўства з адпаведнымі актамі Рады Еўропы. Актуальным для грамадзянскай супольнасці і ўладаў з’яўляецца стымуляванне і садзейнічанне ўдзелу грамадзян на розных этапах фарміравання і рэалізацыі мясцовай палітыкі, стымуляванне партнёрства і кампаній для актыўнага грамадзянства і сумеснага планавання, а таксама больш актыўнае ўкараненне праграм грамадзянскай адукацыі.
Асобная гаворка на семінары вялася пра “Кодэкс рэкамендаванай практыкі грамадзянскага ўдзелу ў працэсе прыняцця рашэнняў”, які 1 кастрычніка 2009 года быў прыняты на канферэнцыі Міжнародных няўрадавых арганізацый Рады Еўропы і з’яўляецца асновай для працы па ўдзелу грамадзян у прыняцці рашэнняў.
Удзельнікі сустрэчы абменяліся думкамі аб развіцці ўдзелу грамадзян у працэсе прыняцця рашэнняў і выпрацоўцы неабходных дзеянняў у гэтым накірунку.
Л. Антонаў |