НАВІНЫ

Галоўная » Статьи » Рэгіён

Ніл Гілевіч уганараваны прэміяй "За свабоду думкі" імя Васіля Быкава

Аб'явіў лаўрэата гэтага года Алесь Марачкін. Ён успомніў часы, калі Ніл Гілевіч быў народным дэпутатам БССР і на ўвесь свет расказаў пра праблемы беларускай мовы.

– Яго сэрца балела і баліць за ўсё, што адбываецца ў нас, – зазначыў Марачкін, а пасля працытаваў некалькі радкоў з творчасці паэта:

– Пакуль паэты будуць пець – не быць Радзіме безыменнай, зямлі бацькоў не анямець!

У якасці ўзнагароды Нілу Гілевічу ўручаць статуэтку аўтарства скульптара Віктара Копачаі дыплом. І хаця паэт не змог завітаць на радзіму Быкава, ён перадаў аўдыторыі вітальнае слова, у якім падзякаваў за аказаны гонар.

– Мне вельмі імпануе, што прэмія мае назоў "За свабоду думкі". Праз усю гісторыю чалавецтва людзі, надзеленыя пачуццём грамадзянскай годнасці, даражылі больш за ўсё гэтым – свабодай думкі, – сказаў Ніл Гілевіч.

Павіншавалі паэта з узнагародай і былыя лаўрэаты. Да прыкладу, Віктар Шалкевіч успомніў, як 30 гадоў таму Ніл Гілевіч разам з іншымі пісьменнікамі прыязджаў выступаць у Гродна. У тыя часы, каб паслухаць паэтаў, набіваліся поўныя залы людзей. Пасля аднаго з такіх выступаў Гілевіч разам з Шалкевічам, паэтам Леанідам Галубовічам ды іншымі пайшоў прагуляцца па горадзе.

– Галубовіч выдаў зборнік, мы пачалі чытаць яго вершы. Я прачытаў верш пра скрыпку, – распавядае Шалкевіч. – Гілевіч глядзіць на мяне ласкава і кажа: "А вы мае вершы ведаеце?" Я кажу: "Не, Ніл Сымонавіч, яшчэ не ведаю". Я не пачытаў тады яго вершы.

Таму падчас імпрэзы Шалкевіч выканаў абавязак 30-гадовай даўніны і прачытаў верш Гілевіча пра васілёк:

"Услаўлялi яго, запляталi ў вянкi,
Потым кпiлi з яго, абзывалi ўсяляк,
А ён моўчкi цвiце, як i цвiў праз вякi,
I прызнайцеся шчыра, нашчадкi сялян:
Цi ж не сумна было б гэтай сцежкай iсцi
Мiж густой збажыны, каб хоць рэдка здалёк
Сiнiм вокам сваiм не глядзеў, не свяцiў,
Не трывожыў шчымлiва душу васiлёк?"

Мясцовая жыхарка і пенсіянерка Валянціна Цар распавяла, што чытала ўсе творы Быкава і вельмі яго паважае як аўтара, які пісаў праўду. Яна ўспомніла, што, па сведках аднакласнікаў, Быкаў быў дужа шустрым хлопцам, а калі ў мясцовым гаі гулялі ў вайну, то заўсёды выконваў ролю камандзіра.

 – Яго першай дзеўкай была Маня Міхашонак. Яна ўжо памерла. Ён яе кахаў, але не падаваў віду. Дык ён ёй намаляваў і падараваў карціну, на якой былі тры кані, – кажа Валянціна Цар.

Людзей заслужаных у нас многа, а ўзнагароджаных мала, таму важна, што ў гэтым годзе прэмію атрымаў Ніл Гілевіч,  сказаў старшыня Руху "За Свабоду" Аляксандр Мілінкевіч. Па ягоных словах, у гэтым годзе было 20 прэтэндэнтаў на ўзнагароду, пераможцу абірала журы з пераможцаў былых гадоў.

- Часта бывае, што чалавек пры жыцці мала чуе добрых словаў. Ну так, ён вялікі, значны і ўсё такое, але ён сядзіць адзін, як Гілевіч. Ён даўно не выходзіць з дому, яму цяжка маральна. І калі яму сказалі пра гэтую прэмію, ён заплакаў. Проста ён казаў: “Не чакаў і для мяне не ведаеце, якая гэта асалода". Таму трэба паспець сказаць людзям вялікі дзякуй за такі лёс і за столькі працы, колькі ён зрабіў на карысць Беларусі.

У сваю чаргу, паэт Міхась Скобла нагадаў, што Ніл Гілевіч увойдзе ў гісторыю, бадай, як адзіны паэт, што, напрыклад, выдаў збор сваіх твораў у 23 тамах на ўласную пенсію.

Па меркаванні Аляксандра Мілінкевіча, якому прыйшла ідэя арганізаваць прэмію "За свабоду думкі", ініцыятыва будзе жыць і надалей.

– Для нас словазлучэнне "свабода думкі" базавае і самае важнае. Атрымалі прэмію людзі, якія добра вядомыя, і менавіта яны вызначаюць наступных лаўрэатаў. Гэта ператвараецца ў клуб выдатных асобаў, – лічыць ён. 

Категория: Рэгіён | Добавил: Admin (24.06.2015)
Праглядаў: 705 | Рейтинг: 0.0/0
Всего комментариев: 0
Добавлять комментарии могут только зарегистрированные пользователи.
[ Рэгістрацыя | Уваход ]
Форма Увахода
Катэгорыі раздзелу
Еўропа [74]
Беларусь [132]
Віцебск [108]
Рэгіён [77]
Еўраклуб [44]
Адукацыя [110]
Гісторыя [11]
ВЫБОРЫ 2014 [15]
Відэа [13]
Пошук
Навіны Свету
Нашыя партнэры
 Рух  Менскі Еўраклуб Каталог TUT.BY  Віцебскі Еўраклуб вітае гасьцей  Менскі Еўраклуб  Народны журналіст

Конкурс на лепшага знаўцу паўстання Кастуся Каліноўскага

Статыстыка