Пікет, які хацелі правесці Яўген Анішчанка і Юры Нагорны, тычыўся праблемы аварыйнага маста цераз Днепр. Першапачаткова акцыю хацелі правесці 30 кастрычніка мінулага году: на той час па аварыйным мосце яшчэ хадзіў грамадскі транспарт, і жыцці пасажыраў штодня падвяргаліся небяспецы. Але тады пікет забаранілі, кажа актывіст руху "За свабоду" Юры Нагорны: "Забаранілі на падставе рашэння гарвыканкаму №74 "Пра некаторыя пытанні арганізацыі масавых мерапрыемстваў у горадзе Орша. Паводле гэтага рашэння, разам з заяўкай трэба падаваць у выканкам копіі заключаных дамоваў на абслугоўванне акцыі. У тым жа самым рашэнні пералічаны структуры, з якімі трэба дамаўляцца, і мы зрабілі якраз так, як рэкамендавана. Але РАУС і цэнтральная паліклініка адказалі, што дамоваў не заключаць, пакуль акцыя не будзе дазволена. А са "Спецаўтабазы" і ўвогуле адказу не было… Мы вырашылі падаваць заяву ў суд, найперш – каб аспрэчыць рашэнне пра забарону. Бо мы выканалі ўсе неабходная фармальнасці, але сталі закладнікамі адмоўнай пазіцыі іншых структур. Тым не менш, суддзя Алеся Котава пастанавіла, што нам забаранілі акцыі на законных падставах. І яна ж параіла падаць у суд іншую заяву – пра тое, каб змусіць гэтыя арганізацыі да заключэння дамоваў, і такім чынам забяспечыць сабе права на правядзенне наступнай акцыі, ужо 29 сакавіка". Тое, што суддзя сама параіла шлях да выйсця "замкнёнага кола", абнадзеіла актывістаў. Але разбор такой, сдавалася б, простай справы, зацягнуўся яшчэ на месяц, працягвае прыхільнік стварэння партыі БХД Яўген Анішчанка: "Мы рыхтаваліся да суду вельмі сур'ёзна, узважылі ўсе аргументы, былі гатовыя апеляваць да Каснтытуцыі Рэспублікі Беларусь, якая гарантуе нам права на правядзенне акцый дзеля публічнага выказвання думак… Але ў судзе ад усіх згаданых у рашэнні гарвыканкаму структур мы пачулі зусім іншыя тлумачэнні. Так, прадстаўнік міліцыі заявіў, што яны ніколі не заключалі дамоваў з прыватнымі асобамі на ахову правапарадку, і што займацца гэтым не будуць, бо РАУС – не камерцыйная арганізацыя па аказанні паслуг насельніцтву. Аднак міліцыянт тут жа пачаў супярэчыць сам сабе: маўляў, каб нам далі дазвол на акцыі, яны маглі б разгледзець магчымасць заключэння дамовы. Прадстаўніца паліклінікі перадала ў суд прэйскурант усіх платных паслуг, якія аказваюць медыкі. І пункту "абслугоўванне акцыі" там няма. Так што, лічаць медыкі, яны могуць не падпарадкоўвацца рашэнню гарвыканкама, якое прадпісвае неабходнасць заключэння дамоваў. Са "Спецаўтабазы" на апошні суд ніхто не прыйшоў увогуле. Затое ў суд быў накіраваны ліст, дзе гаварылася, што гэтая арганізацыя займаецца выключна вывазам смецця, а не прыборкай тэрыторыі, у тым ліку пасля масавых акцый. Так што атрымалася наступнае: мы нейкім чынам мусім выконваць рашэнне ўладаў, і заключаць дамовы – але другі бок рабіць гэта не хоча ці не ў стане, і выконваць тое самае рашэнне не збіраецца". Цікава, што ўсе згаданыя структуры пачалі раіць актывістам звярнуцца па дамовы куды-небудзь яшчэ: не ў міліцыю, а ў дэпартамент "Ахова", не ў паліклініку, а ў дыспенсер спартовай медыцыны, не да "Спецаўтабазы", а на льнокамбінат, які знаходзіцца побач з паркам, у якім актывісты збірался правесці пікет. І які, дарэчы, з'яўляецца месцам, адмыслова вызначаным уладамі для правядзення масавых акцый. Суддзя Алеся Котава другі раз фактычны прызнала, што пікет актывістам не ўдасца правесці ніколі. Бо змусіць да заключэння дамоваў суд не можа, а добраахвотна іх заключыць адказныя службы адмаўляюцца. "На судзе прадстаўнікі гэтых службаў большай часткай адмоўчваліся. І адводзілі вочы, калі я спрабаваў нагадаць суду, што асноўны закон нашай краіны – гэта Канстытуцыя, дзе прапісаны нашы правы. А не прэйскуранты на паслугі ці аргумент кшталту "мы ніколі не заключаем дамоваў з фізічнымі асобамі,"—гаворыць Юры Нагорны. "Цяжка зразумець, як мог Аршанскі гарвыканкам прыняць такое рашэнне, якое стала не выканальным. Як можна загадаць грамадзянам заключаць дамовы са структурамі, якія не могуць гэтага зрабіць ўжо таму, што такіх паслуг не аказваюць увогуле? І як можна патрабаваць выканання гэтага рашэння ад адных, і дазваляць яго ігнараваць другім? Мы будзем аспрэчваць гэтае судовае рашэнне і дамагацца , каб умовы для рэалізацыі нашых канстытуцыйных правоў былі насамрэч створаны", -- дадае Яўген Анішчанка. |