Ада Райчонак заснавала недзяржаўны музей у Германавічах, ладзіць мастацкія пленэры, бардаўскія фестывалі, навуковыя канферэнцыі, узначальвае культурна-асветніцкі цэнтр імя Драздовіча. У 2010-м германавіцкая асветніца стала лаўрэаткай прэміі імя Васіля Быкава «За свабоду думкі», якую ўручае «Рух за Свабоду». Як сталася, што настаўніца расейскай мовы з правінцыі глыбока зацікавілася беларускай культурай?
— Я даўно займалася краязнаўствам, мастацкай самадзейнасцю, — расказвае Ада Эльеўна. — Кіравала ансамблем «Германавіцкія вячоркі», які грымеў на ўсю вобласць. Рабіла школьны музей баявой славы… Аднойчы прыбег увечары школьны вартаўнік, кажа, што да мяне госці прыехалі, чакаюць у настаўніцкай. Я прыйшла — а там моладзь. Незвычайная, яны ўсе размаўлялі па-беларуску. Мы з імі гутарылі аж да самай раніцы. Я падумала: нашы дзеці змагаюцца за Беларусь, а я што раблю?
— Вы заснавалі ў Германавічах два музеі. Распавядзіце, як гэта было.
— Спачатку, калі працавала ў школе, мае экспанаты стаялі ў класе — на вокнах, каля сценаў. Потым далі пакойчык, другі, а месца не хапала. Вырашылі падзяліць матэрыялы школьнага музея. Нам далі памяшканне ў палацы графаў Шыранаў. Гэта быў этнаграфічны музей, а ў школе застаўся музей баявой славы.
Пасля быў заснаваны другі музей — літаратурна-мастацкі, імя Міхася Райчонка. Выкупіла частку дома, музей адчыніўся 5 жніўня 2005 года. Дзясяткі карцін, і сотні кніг з аўтографамі.
Вельмі многія пісьменнікі са мной сябруюць, і дасылаюць мне новыя кнігі.
Да мяне прыязджаюць людзі не толькі з нашых мясцовасці, але і з гарадоў. Моладзь прыязджае, ветэраны прыязджаюць. З Магілёва, Полацка, Наваполацка, Віцебска.
— А як узнік культурна-асветніцкі цэнтр імя Язэпа Драздовіча?
— Маё выхаванне беларускае завяршыў Алесь Марачкін. Ён падштурхнуў мяне займацца творчасцю Драздовіча. Так узнік культурна-асветніцкі цэнтр імя Язэпа Драздовіча. Калі пачалі працаваць, амаль ніхто не ведаў, хто такі Драздовіч, толькі старэйшыя жыхары памяталі.
Нават дэкан мастацка-графічнага факультэта Віцебскага універсітэта не ведаў, хто такі Язэп Драздовіч. Пачалі ладзіць мастацкія пленэры, конкурсы дзіцячых малюнкаў, прысвечаных мастаку. Правялі дзевятнаццаць драздовіцкіх пленэраў. Пры нашым удзеле з’явілася скульптурная кампазіцыя ў Мінску ў Траецкім перадмесці — «Вечны вандроўнік». Так мы вярнулі з небыцця імя Язэпа Драздовіча. Мой сын Міхась быў першым старшынём цэнтра імя Драздовіча. Ён быў паэт, пісьменнік, краязнаўца. Працаваў выкладчыкам Віцебскага ўніверсітэта, вучыўся ў аспірантуры. Ніколі не размаўляў на рускай мове. Калі ў размове з ім хоць адно слова расейскае ўстаўлю, заўсёды казаў: «Мама, калі ты навучышся размаўляць па-людску?»
…Ён трагічна загінуў у 1999 годзе. Пасля гэтага я ўзначальваю Цэнтр Драздовіча.
— Дзе Вы бярэце сілы для сваёй працы? — Я працягваю справу Міхася, нябожчыка. Я яму слова дала, што працягну яго справу, пакуль маю сілы.
— Якія маеце планы ў грамадскай, культурніцкай дзейнасці?
— Працаваць на карысць Беларусі, пакуль жывая. Зараз вось рыхтуюся да бардаўскага фэсту. Бліжэйшым часам будуць праведзеныя краязнаўчая канферэнцыя і мастацкі пленэр. Ну, і як заўсёды, экскурсіі па музеі. Лета пачнецца, пачнуць прыязджаць людзі ў музей.
* * *
Ада Райчонак нарадзілася 10 красавіка 1937 у Віцебску. У 1943, у шасцігадовым узросце, разам з маці трапіла ў канцэнтрацыйны лагер каля Лепеля. Цудам уратавалася ад расстрэлу ў чэрвені 1944. У 1957 скончыла Полацкую педагагічную вучэльню, у 1966 — Пскоўскі педагагічны інстытут.
Працавала настаўніцай расейскай мовы і літаратуры ў мястэчку Германавічы Шаркоўшчынскага раёна. З пачатку 1990-х актыўна займаецца культурніцкай дзейнасцю.
Заснавальніца этнаграфічнага музея імя Язэпа Драздовіча і прыватнага літаратурна-мастацкага музея імя Міхася Райчонка. З 1999 года — старшыня грамадскай арганізацыі «Культурна-асветніцкі цэнтр імя Язэпа Драздовіча. Сябра Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны і Партыі БНФ.
У 2009 рэжысёр Уладзімір Колас зняў дакументальны фільм «Галерэя Ады», у якім распавёў пра дзейнасць Ады Райчонак. Фільм быў паказаны ў розных краінах свету, атрымаў шэраг узнагародаў.
У 2010 годзе Ада Райчонак стала лаўрэаткай прэміі імя Васіля Быкава «За свабоду думкі».
Источник: http://nn.by |