Галасаванне на сайце пачалося ў абед 4 студзеня, і на 21.00 за Ігара Пастнова прагаласавалі 48 чалавек – гэта найбольшая колькасць галасоў, аддадзеная за аднаго намінанта. Апрача Пастнова, у ліку сямі намінаваных асобаў Уладзіслаў Блін — першы біскуп Віцебскай дыяцэзіі каталіцкага касцёла, які сёлета сышоў з гэтай пасады па стане здароўя; Архіепіскап Віцебскі і Аршанскі Дзімітрый (Мікалай Драздоў) – ініцыятар пабудовы ў Віцебску копіі полацкага Сафійскага сабора ў яго першапачатковым выглядзе; Уладзімір Конараў, які на пабудаванай уласнымі рукамі яхце "Вірго-2” праплыў Дзвіной і Балтыйскім морам з паўночнай сталіцы Беларусі ў паўночную сталіцу Расіі, пабываўшы пры гэтым у шэрагу партоў Прыбалтыкі і Скандынавіі;Юрый Поклад, трэнер віцебскай каманды па міні-футболе "Вітэн”, якая стала чэмпіёнам Беларусі і выйшла ў Лігу чэмпіёнаў; Уладзімір Пяшкун, названы на сайце "чарговым "сынам лейтэнанта Шмідта”, які выступіў на афіцыйным гарадскім мерапрыемстве ў Віцебску пад выглядам Героя Расіі і генерал-маёра марской пяхоты, хаця не меў ні такога звання, ні такой узнагароды; Вераніка Рыдкіна, студэнтка Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта, якая летась перамагла ўконкурсе "Міс Віцебск-2013”. Ігар Пастноў прадстаўлены чытачам сайта як "віцебскі ўрач, які паслядоўна падвяргае крытыцы дзейнасць мясцовых уладаў". Сёлета пасля аднаго з крытычных выступаў спадара Пастнова прымусова змясцілі ў псіхіятрычную лячэбніцу. Праваабаронцы заявілі пра парушэнні правоў Пастнова на абарону ў судзе і незалежны судовы разгляд. Бо суд Віцебскага раёну паводле звароту былых калег-урачоў санкцыянаваў прымусовае лячэнне для Ігара Пастнова ў ягоную адсутнасць на працэсе, не даўшы яму бараніцца ні самому, ні з дапамогай адваката, якога дапусцілі ў шпіталь толькі праз некалькі дзён пасля суду.
|