Да ўгодкаў аварыі на Чарнобыльскай АЭС актывісты з Наваполацку і Віцебску запланавалі правядзенне пікетаў.
Чацвёра прадстаўнікоў КХП БНФ накіравалі заяўку на правядзенне пікета 26 красавіка ў адміністрацыю Чыгуначнага раёна Віцебска. Месца правядзення – з адмыслова вызначаных дзеля гэткіх мэтаў, Парк культуры і адпачынку чыгуначнікаў.
Арганізатары хочуць нагадаць землякам пра трагічныя наступствы аварыі на Чарнобыльскай АЭС і ўшанаваць подзьвіг герояў-ліквідатараў. Таксама яны маюць на мэце публічна выказаць сваё адмоўнае стаўленне да будаўніцтва АЭС на тэрыторыі Беларусі.
Як паведамляе сайт vitebskspring.org, у сваёй заяўцы актывісты асобна просяць улады не зважаць на рашэнне Віцебскага гарвыканкаму ад 10 ліпеня 2009 года «Аб масавых мерапрыемствах у г. Віцебску», а кіравацца непасрэдна законам Беларусі «Аб масавых мерапрыемствах» і Канстытуцыяй. Бо згаданае рашэнне фактычна робіць немагчымым рэалізацыю жыхарамі горада сваіх правоў на свабоду выказвання думак і на свабоду мірных сходаў, патрабуючы ад арганізатараў масавых акцый заключаць дамовы са службамі ЖКГ, медыкамі і праваахоўнікамі. Дамовы, якія патрабуюць улады Віцебску, не ўдалося заключыць яшчэ нікому з апазыцыянераў за амаль 5 гадоў дзеяньня рашэння гарвыканкаму.
Паводле сайту freeregion.info , заяўку на акцыю ў Наваполацку падаў актывіст аргкамітэту па стварэнні грамадскага аб’яднання «Свободный регион» Яўген Парчынскі. Пікет такчама запланаваны на 26 красавіка, і гэтая акцыя “будзе мець і экалагічны, і палітычны характар. Бо аварыя на чарнобыльскай АЭС была не толькі тэхнагеннай катастрофай, але і палітычнай праблемай, створанай савецкім рэжымым, які доўгі час хаваў наступствы Чарнобыля”. Таму акцыю наваполацкія дэмакраты хочуць правесці пад лозунгамі «Свобода. Правда. Справедливость».
http://spring96.org/be/news/70530
|