Сучасная беларуская літаратура мае ўсе прыкметы росквіту. Творы друкуюцца ва ўсіх жанрах: паэзія, проза, эсэістыка, прыгодніцкія раманы, літаратура для дзяцей і іншае. Творы намінуюцца на прэстыжныя еўрапейскія прэміі і атрымліваюць іх, трапляюць на прэстыжныя замежныя кніжныя форумы, перакладаюцца на іншыя мовы свету. А колькі ладзіцца прэзентацый, творчых сустрэч і аўтограф-сесій!..
Але хто пра гэта ведае? Чаму такія падзеі найчасцей застаюцца шырока вядомымі ў вузкіх колах літаратурнай інтэлігенцыі? Чаму мы, чытачы, не гатовыя масава набываць беларускую літаратуру? Праблема ў чытачы ці ў літаратуры?
Пытанні цікавыя і актуальныя. Паразважаць пра іх, а таксама разам знайсці выйсці з няёмкага культурнага становішча запрашае грамадская культурніцкая кампанія “Будзьма беларусамі!” на ток-шоў у Віцебску: “Сучасная беларуская літаратура на ўздыме. Не чулі?”
Прыходзьце 17 лютага ў Цэнтральную гарадскую бібліятэку імя М. Горкага, каб паслухаць экспертаў і выказацца самім пра парадоксы сучаснага літаратурнага жыцця, у тым ліку і пра наступнае:
- Якія самыя яскравыя падзеі ў літаратурным жыцці Віцебска… мы прапусцілі за апошняе дзесяцігоддзе?
- Што ў нашых звычках, густах і ментальнасці ўплывае на нашу дасведчанасць і цікаўнасць да сучаснай беларускай літаратуры?
- Што і як варта зрабіць, каб віцябляне былі самымі дасведчанымі і апантанымі аматарамі сучаснай беларускай літаратуры?
У дыскусіі возьмуць удзел:
- Алесь Замкоўскі – загадчык літаратурна-мастацкай часткі ў Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Якуба Коласа (Віцебск);
- Павел Касцюкевіч, беларускі пісьменнік, перакладчык сучаснай ізраільскай і амерыканскай прозы, першы лаўрэат прэміі імя Ежы Гедройца за кнігу “Зборная РБ па негалоўных відах спорту”.
- Міраслаў Лазоўскі, памочнік дырэктара выдавецтва “Беларускі Кнігазбор”.
Цэнтральная гарадская бібліятэка імя М. Горкага: Віцебск, пр-т Фрунзэ, 30а. Пачатак у 18:30.
Уваход вольны! Даведкі: +37529-894-05-17.
http://news.vitebsk.cc/2015/02/13/suchasnaya-belaruskaya-litaratura-na-wzdyime-ne-chuli-abmyarkuem-razam/
|