Напэўна амаль кожны з вас ведае, што зараз ва многіх еўрапейскіх гарадах набірае папулярнасць новы накірунак мастацтва - 3D-графіці. Для нас, беларусаў, гэта пакуль што новая з'ява, але ўжо пачынаюць з'яўляцца першыя творы і на асфальце Віцебска. 5 жніўня аб’ёмны малюнак дзяўчынкі з маскай брамніка і бензапілой з’явіўся на пешаходнай дарожцы ўздоўж вуліцы Чкалава паміж кінатэатрам "Брыганціна” і Чкалаўскім рынкам. Мінакі ахвотна фатаграфаваліся побач з вырасшай з асфальта гераіняй невядомага слэшара. Па подпісу пад графіці лёгка знайсці ў сацыяльнай сетцы Вконтакте суполку стваральнікаў 3D-малюнкаў. Гэта два 19-гадовых хлопцы з Віцебска — Кірыл Кулікоў і Стас Рабунскі. Абодва яны навучаюцца дызайну — Кірыл у ВДТУ, а Стас у БДУ. Дзяўчынка з беназапілой — далёка не першы твор "Двугранніка”. У суполцы змешчаныя фотаздымкі каля 20 графіці, створаных на вуліцах Віцебска, якія пры жаданні можна ўбачыць. Сярод іх, напрыклад, аб’ёмны "постэр” "Славянскага базара ў Віцебску”, намаляваны каля амфітэатра пад час фестываля. Але хлопцы не абмяжоўваюцца асфальтам роднага Віцебска, яны ўжо выйшлі на міжнародную арэну — на I Міжнародным фестывалі вулічнага мастацтва "Фарбы Пецярбурга”, які праходзіў з 30 чэрвеня па 1 ліпеня, яны заваявалі другое месца. Гэтыя аб’ёмныя малюнкі, якія таксама называюць madonnari, віцебскія мастакі робяць пры дапамозе крэйды і пастэлі, таму яны, нажаль, вельмі недаўгавечныя. Затое такія графіці не наносяць ніякай шкоды навакольнаму асяроддзю і гарадской маёмасці.
Источник: http://news.vitebsk.cc |