Прадстаўнік Беларускай партыі левых "Справядлівы свет", старшыня абласной партыйнай арганізацыі Мікалай Селівашка будзе адзіным з ліку віцебскіх дэмакратаў. Намесніка старшыні абласной арганізацыі Партыі БНФ Кастуся Смолікава ў камісію не ўключылі. Як не ўключылі і праваабаронцу Паўла Левінава, які вылучаўся шляхам падачы заяваў грамадзян. Апрача Мікалая Селівашкі з партыйцаў у склад абласной выбарчай камісіі ўключаны прадстаўнікі ЛДП, КПБ, Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці. Некалькі чалавек прадстаўляюць грамадскія структуры -- РГА "Белая Русь”, ГА "БРСМ”, Беларускае грамадскае аб'яднанне ветэранаў, ГА "Беларускі саюз жанчын", прафсаюзных арганізацый. Рашэнне па фарміраванні камісіі было прынята 26 снежня, першае арганізацыйнае пасяджэнне абласной выбарчай камісіі прайшло 27 снежня. Паводле старшыні Віцебскага аблвыканкаму Аляксандра Косінца, гэтыя выбары пройдуць у год 70-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і ў перыяд падрыхтоўкі да святкавання 70-годдзя Перамогі, і таму "неабходна правесці выбарчую кампанію на самым высокім арганізацыйным узроўні, галосна і дэмакратычна".
|