Суд над актывісткай распачаўся яшчэ 30 чэрвеня. Напярэдадні Алену Семенчукову разам з непаўналетнім братам затрымалі падчас распаўсюду ўлётак з заклікам да байкоту будучых выбараў. Непаўналетняга Сяргея Семенчукова адпусьцілі дадому, а на актывістку «Эўрапейскай Беларусі» склалі адміністрацыйны пратакол і на ноч зьмясьцілі ў ізалятар часовага ўтрыманьня.
30 чэрвеня суд быў спынены, бо дзяўчына заявіла пра сваё права на абарону.
Судзьдзя дала час, каб дамовіцца з адвакатам.
«Мы ўражаныя жорсткім рашэньнем судзьдзі. Бо прысудзіць 10 сутак маладой дзяўчыне — гэта занадта. Нават з улікам таго, што Алену Семенчукову ўжо прыцягвалі сёлета да адміністрацыйнай адказнасьці», — адкамэнтавала судовую пастанову актывістка Тацяна Севярынец, якая прысутнічала ў залі суду.
Алену Семенчукову абвінавацілі ў правядзеньні несанкцыянаванай акцыі. Такое самае абвінавачаньне было высунута супраць яе ў Чыгуначным райсудзе 20 сакавіка — тады дзяўчыну затрымалі і судзілі за тое, што яна выйшла ў цэнтар Віцебску з плякатам «Свабоду Сяргею Каваленку!»
Тады актывістцы прысудзілі штраф памерам 5 базавых велічынь. Але Віцебскі абласны суд, разгледзеўшы касацыйную скаргу актывісткі, зьменшыў суму штрафу ў дзесяць разоў.
4 ліпеня ў Кастрычніцкім райсудзе, гэтаксама за распаўсюд улётак з заклікам байкатаваць выбары, быў аштрафаваны актывіст «Маладога Фронту» Яўген Гуцалаў. Хлопца затрымалі напярэдадні каля гарадзкога ЗАГСу, дзе ён раздаваў улёткі мінакам. Гуцалаў правёў ноч у ізалятары часовага ўтрыманьня, а назаўтра быў пакараны двума штрафамі па 12 базавых велічынь кожны — разам гэта амаль 2 з паловай мільёны рублёў.
Тая ж судзьдзя Іна Грабоўская, што сёньня асудзіла на 10 сутак арышту Алену Семенчукову, учора прызнала Яўгена Гуцалава вінаватым у непадпарадкаваньні супрацоўнікам міліцыі і брыдкаслоўі ў грамадзкім месцы. Пра тое, пры якіх абставінах была затрымана Алена можна прачытаць на www.europeanbelarus.org
Источник: http://nn.by |