Пяцёра сяброў Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ падалі заяўкі на правядзеньне пікетаў у адміністрацыі ўсіх трох раёнаў Віцебску. Празь пікеты яны зьбіраюцца выказаць публічны пратэст супраць ўмяшаньня Расейскай Фэдэрацыі ва ўнутраныя справы Ўкраіны, супраць выкарыстаньня Расеяй ваеннай сілы для вырашэння міжнацыянальных і міждзяржаўных канфліктаў. Пікеты мусяць прайсьці 5 чэрвеня.
Хаця арганізатары акцыяў у якасьці месцаў іх правядзеньня пазначылі пляцоўкі, адмыслова вылучаныя Віцебскім гарвыканкамам пад масавыя мерапрыемствы, малаімаверна, што ўлады дазволяць іх. Хутчэй за ўсё, кіраўнікі або намесьнікі кіраўнікоў адміністрацыяў, абгрунтоўваючы свае забароны на пікеты, спашлюцца, як звычайна, на адсутнасьць у арганізатараў дамоваў з мэдыкамі, камунальнікамі і міліцыянтамі на абслугоўваньне пікетаў.
Далучаць такія дамовы да заявак на акцыі патрабуе рашэньне Віцебскага гарвыканкаму «Аб масавых мерапрыемствах у г. Віцебску», якое ўступіла ў сілу у 2009 годзе. Выканаць гэтае патрабаваньне за амаль 5 гадоў не ўдалося яшчэ нікому з апазыцыянэраў. Дзякуючы згаданаму рашэньню гарвыканкаму ўлады маюць лёгкі спосаб нібыта законна пазбаўляць жыхароў Віцебску іх права на мірныя сходы і на выказваньне свайго меркаваньня. |