25 сакавіка віцебскія актывісты руху "За свабоду" і сябры КХП БНФ адзначылі ўскладаннем кветак да мемарыяльнай дошкі ў гонар Васіля Быкава і да помніка Уладзіміру Караткевічу. Для аднаго з удзельнікаў імпрэзы, Яна Дзяржаўцава, свята скончылася затрыманнем. Назаўтра , 26 сакавіка, яму прысудзілі 7 сутак арышту.
Ускладанне кветак пачыналася спакойна: каля будынка, дзе ў 1939-40 гадах вучыўся Васіль Быкаў, актывісты запалілі свечку, каля мемарыяльнай дошкі паклалі кветкі. Аднак каля помніка Уладзіміру Караткевічу ўжо дзяжурылі міліцэйская машыны і курсіраваў патруль АМАПу. Тым не менш, нікога з актывістаў там не затрымалі – супрауоўнікі МУС толькі назіралі здаля з ўскладаннем кветак…
Яну Дзяржаўцаву патэлефанавалі родныя і паведамілі, што якраз цяпер, калі ён накіраваўся на ўскладанне кветак, яго шукаюць супрацоўнікі Першамайскана РАУС. Напярэдадні яму прыносілі позву ў міліцыю, аднак Яна Дзяржаўцава на той час таксама не было дома. Сваякі перадалі, што выклік у міліцыю – з прычыны пікету, каторы сябры КХП БНФ Ян Дзяржаўцаў і Алена Каваленка зладзілі 22 сакавіка. Пікет быў на выбарчую тэматыку, дакладней, партыйцы абвясьцілі, што не пойдуць на выбары, бо не бачаць у іх сэнсу ў цяперашніх умовах.
Пасля ўскладання кветак з нагоды Дня Волі супрацоўнікі перашамайскага РАУС затрымалі Яна Дзяржаўцава на вуліцы Кірава. Пасьля складання пратаколу пра ўдзел у несанкцыянаваным пікеце 22 сакавіка яго адвезлі ў ізалятар часовага утрымання. Праваабаронцаў абурыў гэты факт: суд у гэты час яшчэ працаваў, але актывіста змусілі правесці ноч у ІЧУ выключна паводле ініцыятывы міліцыі.
26 сакавіка суддзя Першамайскага райсуду Наталля Карабліна прызнала Яна Дзяржаўцава вінаватым паводле артыкула 23.34, часткі 2 і 3 – за арганізацыю і ўдзел у насанкцыянаванай акцыі. Як паведамляе Радыё Свабода, суддзя Натальля не задаволіла просьбу актывіста запрасіць на працэс адваката і перакладчыка. Пры вынясенні судовага рашэння Наталля Карабліна ўлічыла яшчэ й тое, што Ян Дзяржаўцаў меў яшчэ адну адміністрацыйную праву цягам гэтага году. У выніку суддзя пастанавіла пакараць актывіста арыштам на 7 сутак.
|