НАВІНЫ

Галоўная » Статьи » Рэгіён

Віцебскай грамадскасці не ўдаецца паўплываць на сутнасць рашэнняў мясцовай улады

Да такой высновы прыйшлі ўдзельнікі "Маніторынгу ацэнкі ўдзелу НДА і грамадскасці ў працэсе прыняцця рашэнняў на мясцовым узроўні".  Вынікамі маніторынгу  30 студзеня віцебскія  актывісты падзяліліся з журналістамі і праваабаронцамі.

Леанід Гаравы, эксперт віцебскага грамадскага аб'яднання "Самакіраванне і грамадства", распавёў, што маніторынг цягам апошніх 6-ці месяцаў 2014 году праводзіўся ў Віцебску, а таксама Аршанскім і Пастаўскім раёнах. Матэрыяламі для аналізу былі афіцыйныя сайты мясцовых органаў улады і  дакументы, якія тычацца спробаў узаемадзеяння актывістаў НДА з мясцовымі ўладамі.

 "Мясцовыя ўлады Віцебску, Аршаншчыны і Пастаўшчыны, падобна, не надта імкнуцца да супрацоўніцтва з грамадзянамі і прадстаўнікамі НДА. Выканаўчымі камітэтамі і мясцовымі саветамі не прадугледжаны прававыя механізмы, якія можна было б скарыстаць для агалошвання нейкай праблемы. Напрыклад, грамадзяне і НДА не могуць зрабіць так, каб нейкае вострае пытанне было вынесена  на пасяджэнне  органа ўлады, або паўплываць на сутнасць рашэння па нейкім пытанні."

 Паводле Леаніда Гаравога, улады настолькі аддаленыя ад простых грамадзянаў, што нават не лічаць патрэбным знаёміць апошніх са сваімі рашэннямі. Хаця права на атрыманне праўдзівай і вычарпальнай інфармацыі мае кожны грамадзянін Беларусі, нават афіцыйныя сайты не спяшаюцца паведаміць, што адбываецца "ва ўладзе". Прыкладам, на сайце Віцебскага гарвыканкаму за ўвесь 2014 год апублікаваны ўсяго два рашэнні гэтага органа ўлады, і абодва датаваныя першым паўгоддзем. На сайце аршанскага райвыканкаму існуе раздзел "Афіцыйнае апублікаванне", адмыслова прадугледжаны для публікацыі рашэнняў. Аднак ён пусты.  Што да Аршанскага райсавету, то на інтэрнэт-старонцы ў адпаведным раздзеле прадстаўлена адзінае  рашэнне – і тое за 2012 год. Нібыта ў 2014 годзе дэутаты не працавалі і нічога не вырашалі..

Атрымліваецца, што органы ўлады існуюць самі па сабе і не зацікаўленыя ў супрацоўніцтве з мясцовымі жыхарамі. Але і мясцовыя жыхары не могуць праявіць ініцыятыву, каб звярнуць на сябе ўвагу ўладаў. Адным з самых паказальным фактаў з'яўляецца немагчымасць скарыстацца правам на правядзенне масавых мерапрыемстваў, лічыць віцебскі каардынатар руху "За свабоду" Хрыстафор Жаляпаў:

"У дзяржавы і на мясцовым узроўні намінальна існуюць механізмы ўплыву на мясцовыя ўлады  праз выказванне  грамадскай думкі – напрыклад, падчас пікетаў, сходаў, іншых масавых акцый. Але на практыцы гэтым правам і ўдзельнікі НДА, і шэраговыя грамадзяне скарыстацца не могуць: паводле рашэнняў Віцебскага гарвыканкаму, Аршанскага гарвыканкаму, Пастаўскага райвыканкаму,  створаны такія ўмовы, што заяўкі на мерапрыемствы не задавальняюць. Патрабуюць папярэдніх дамоваў на абслугоўванне міліцыяй, урачамі, камунальнымі службамі, а тыя, у сваю чаргу, ад заключэння дамоваў ухіляюцца. Паўплываць на ўлады, каб яны змянілі свае рашэнні, зрабіўшы іх выканальнымі, таксама не ўдаецца:  што да рашэння Віцебскага гарвыканкаму наконт арганізацыі і правядзення масавых акцый, нам заўжды адказваюць, што яно бездакорнае ў юрыдычным сэнсе, і таму змены ў ім не патрэбныя".

Удзельнікі маніторынгу прыйшлі да несуцяшальных высноваў. У мясцовых уладаў няма  зафіксаваных заканадаўствам абавязкаў даваць справаздачу насельніцтву, кансультавацца з мясцовымі жыхарамі наконт наступных крокаў у палітыцы, арганізоўваць абмеркаванні надзённых пытанняў і гэтак далей. А жадання грамадзянаў звярнуць на сябе ўвагу ўладаў далёка не дастаткова, каб гэта ўвасобілася ў жыццё: з 2009 году ў Віцебску і ў рэгіёнах выканкамы не дазволілі ніводнага масавага мерапрыемства, калі ініцыятыва сыходзіла ад грамадскіх актывістаў.І ўсе  спробы рэалізаваць сваё права на публічнае выказванне меркаванняў сканчваліся судовымі пакараннямі за правядзенне несанкцыянаваных масавых акцый. 
http://spring96.org/be/news/75397

Категория: Рэгіён | Добавил: Admin (02.02.2015)
Праглядаў: 605 | Теги: НДА, маніторынг, Самакіраванне і грамадскасць, прыняцце рашэнняў на мясцовым узроў, грамадскасць | Рейтинг: 0.0/0
Всего комментариев: 0
Добавлять комментарии могут только зарегистрированные пользователи.
[ Рэгістрацыя | Уваход ]
Форма Увахода
Катэгорыі раздзелу
Еўропа [74]
Беларусь [132]
Віцебск [108]
Рэгіён [77]
Еўраклуб [44]
Адукацыя [110]
Гісторыя [11]
ВЫБОРЫ 2014 [15]
Відэа [13]
Пошук
Навіны Свету
Нашыя партнэры
 Рух  Менскі Еўраклуб Каталог TUT.BY  Віцебскі Еўраклуб вітае гасьцей  Менскі Еўраклуб  Народны журналіст

Конкурс на лепшага знаўцу паўстання Кастуся Каліноўскага

Статыстыка