Актывіст збіраўся балатавацца ў Талачынскі раённы і Коханаўскі сельскі саветы праз збор подпісаў. Талачынская раённая выбарчая камісія ініцыятыўныя групы не зарэгістравала, спаслаўшыся на 6-ю частку артыкула 60 Выбарчага кодэксу. Сяргею Вазняку было заяўлена, што ён не жыве і не працуе на тэрыторыі саветаў, у якія збіраецца балатавацца. С.Вазняк з такімі аргументамі не пагадзіўся: спрабаваў даводзіць, што ён галоўны рэдактар рэспубліканскай газеты „Товарищ", якая распаўсюджваецца на тэрыторыі ўсёй Беларусі, адпаведна, і ў Талачынскім раёне. У Талачынскай раённай выбарчай камісіі сказалі, што тэрыторыя распаўсюду газеты не можа разглядацца як месца працы. Віцебская абласная выбарчая камісія таксама не стала на бок актывіста: скаргу на тое, што раённая камісія беспадстаўна адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўных груп, палічылі неабгрунтаванай. Віцебскі абласны суд не толькі падтрымаў ранейшыя падставы для адмовы ў рэгістрацыі, але далучыў шэраг новых, распавёў старшыня Віцебскай абласной арганізацыі Партыі левых "Справядлівы сьвет" Мікалай Селівашка, адзіны прадстаўнік дэмакратычных сіл у абласной выбарчай камісіі: "У якасці падстаў для адмовы ў рэгістрацыі было сказана, што газету „Товарищ" не распаўсюджвае мясцовая пошта, і што яе няма ў падпісным каталогу. Тлумачэнні пра тое, што гэта не віна рэдактара, а адмова ад супрацоўніцтва з боку "Белпошты", прыняты не былі. Не дапамагло і тое, што на суд прыехалі жыхары Талачыншчыны, наш аднапартыец з Коханава Мікалай Петрушэнка ды іншыя чытачы газеты. Яны засведчылі, што газета распаўсюджваецца на гэтай тэрыторыі і ўздымае мясцовыя праблемы. Аднак і пракурор, і суддзя вырашылі, што сведкі – зацікаўленыя асобы, і таму іх тлумачэнні нельга лічыць аб'ектыўнымі".
|