Аляксей Гаўруцікаў і
Хрыстафор Жаляпаў на змаглі стацца кандыдатамі ў дэпутаты Віцебскага гарсавету,
бо сярод сабраных за іх вылучэнне подпісаў нібыта знайшліся несапраўдныя.
Дакладней, нават не самі подпісы, а даты ў падпісным аркушы, якія выбаршчыкі
мусілі ставіць уласнай рукой. Зрэшты, яны так і рабілі.
Падман раскрыўся, калі
А.Гаўруцікаў і Х.Жаляпаў пачалі высветляць, чаму выбаршчыкі засведчылі тое,
чаго не было і не магло быць у прынцыпе. Бо абодва актывісты ўдзельнічаюць у
выбарчых кампаніях не ўпершыню і нормы заканадаўства ведаюць добра. Але
аказалася, што гарадская выбарчая камісія проста ашуквала выбаршчыкаў падчас
праверкі сапраўднасці подпісаў, распавёў мясцовы каардынатар руху"За Свабоду"
Хрыстафор Жаляпаў:
"Правяраючы сапраўднасць
подпісаў, чальцы камісіі, а таксама ўласна старшыня камісіі, ішлі да людзей з
адмысловымі бланкамі. Пыталіся, ці сапраўды ў гэтай кватэры падпісваліся за
Жаляпава.. І калі чалавек пацвярджаў гэта, яго прасілі падпісаць яшчэ нейкі
бланк. Людзі былі ўпэўнены, што падпісваюць свае сведчанні пра сапраўднасць
подпісу. А насамрэч на бланку быў надрукаваны тэкст заявы пра тое, што дату,
маўляў, выбаршчык ставіў не сваёй рукой. Пра гэта ніхто нікога не папярэджваў!
І потым выбарчая камісія заяўляла, што подпісы збіраліся з парушэннямі, іх прызнавалі
несапраўднымі, і ў выніку апазіцыйных актывістаў не рэгістравалі".
Пра такія самыя
ашуканствы выбаршчыкаў з "заявамі пра парушэнні" распавяла і каардынатар
аргкамітэту па стварэнні БХД Тацяна Севярынец.
Аляксей Гаўруцікаў, актывіст аргкамітэту па стварэнні
сацыял-дэмакратычнай партыі "Народная Грамада", першым прайшоў разбіральніцтва ў абласным судзе з гэтае
нагоды:
"На судзе 25 лютага я
быў не адзін – прыйшлі і сведкі. Хачу гэта адзначыць: людзі настолькі абураныя
ашуканствам, што не толькі напісалі пісьмовыя заявы пра тое, як іх
"падставілі", але й пагадзіліся прыйсці на працэс. У тым ліку маладая
маці, якая пакінула дома грудное дзіця, і бабулька зусім сталага веку. Сведкі
казалі, што "з праверкай" да іх прыходзіла сама старшыня камісіі,
праўда, яна сама "не памятае", да каго хадзіла, а да каго –не… Але ў выніку суд так і не стаў на мой бок : прызнаў,
што ў рэгістрацыі мне адмовілі законна, бо на момант рэгістрацыі ў
распараджэнні камісіі былі заявы грамадзян пра тое, што "даты ставілі не
яны". А тое, што людзі заявілі пра ашуканства, адбылося ўжо пасля, калі тэрміны рэгістрацыі прайшлі."
Хрыстафор Жаляпаў быў
выкліканы ў абласны суд на дзень пазней, 26 лютага:
"Аднак вынік той
самы: суд не лічыць, што мела месца нейкае парушэнне. Сведкаў з майго боку
суддзя ўвогуле палічыў "зацікаўленымі асобамі", хаця яны заявілі, што
асабіста са мной не знаёмыя, і толькі падпісаліся за маё вылучэнне на
кандыдата. Адна спадарыня ўвогуле расказала такую гісторыю: калі прыходзіла
праверка, яе не было дома, і падпісаць "хітрую паперку" пра дату
папрасілі дачку. Атрымалася, што дачка, па парадзе прадстаўніка гарадской
выбарчай камісіі, падпісала заяву ад імя маці, якая нібыта сведчыць, што дату
на падпісным аркушы ставіла не яна! Гэта ўжо не проста ашуканства, а наяўнасць
падставаў для крымінальная справы!"
Пасля таго, як абласны
суд не знайшоў нічога супрацьзаконнага ў дзеяннях гарадской выбарчай камісіі падчас
праверкі сапраўднасці подпісаў, застаецца хіба толькі падаваць заяву ў
пракуратуру. Каб гэтыя дзеянні былі ацэнены з пазіцыі Крымінальнага кодэксу за
парушэнне выбарчага заканадаўства. Актывісты гатовыя гэта зрабіць, бо за імі –
падманутыя людзі, якім і ў галаву не прыходзіла ўважліва пачытаць паперку перад
тым, як падпісваць. Бо яны давяралі прадстаўнікам ўладаў.
Источник: http://Хрыстафор Жаляпаў, суд, Аляксей Гаўруцікаў, Выбары 2014 |