Сярод тых, каму адмоўлена ў магчымасці балатавацца – прадстаўнікі АГП, Партыі БНФ, прыхільнікі стварэння БХД, актывісты кампаніі "Гавары праўду". Вынікі рэгістрацыі паказалі, што на выбарах у Віцебскі гарсавет 18 з 40 акругаў будуць безальтэрнатыўнымі – там будзе ўсяго па адным кандыдаце "на выбар", гаворыць праваабаронца Павел Левінаў: "Увогуле выбары ў Віцебскі гарсавет можна ўжо не праводзіць! Зварот з такой прапановай я ўжо даслаў у Цэнтарвыбаркам з просьбай адказаць мне па сутнасці. Навошта марнаваць дзяржаўныя грошы, калі ў 18 акругах вынік вядомы загадзя, а яшчэ па 22 акругах – цалкам прадказальны? Асобна хачу звярнуць увагу на зарэгсістраваных кандыдатаў: сярод іх 4 кіраўнікі ЖКГ, некалькі галоўурачоў віцебскіх медустаноў, больш за дзесятак кіраўнікоў прадпрыемстваў, чыноўнікі вышэйшага рангу. Там няма ніводнага простага чалавека! Усе – выключна на адказных пасадах, і таму напрошваецца пытанне: а як жа іхныя службовыя абавязкі? Там далёка не ўсё бездакорна: прыкладам, кіраўнік службы ЖКГ Першамайскага раёну Іваноў дагэтуль не выканаў добраўпарадкаванне дваровых тэрыторый, за што мае пракурорскае папярэджанне. Але ж ідзе ў дэпутаты як абаронца народных інтарэсаў! У дэпутаты ідуць галоўурачы, дырэктары школ, якім і без таго мусіць хапаць справаў па працы… Некалі абраннікаў называлі "народныя дэпутаты", аднак потым слова "народныя" прыбралі, і гэта справядліва – на карысць народа гэтыя людзі нічога не робяць!" Амаль палова з тых, каго зарэгістравалі кандыдатамі ў дэпутаты Віцебскага гарсавета – гэта дзеючыя дэпутаты, якія вырашылі застацца на паўторны тэрмін, адзначае Павел Левінаў. Што да яго асабіста, то праваабаронцу не зарэгістравалі, бо знайшлі сярод 75 здадзеных за вылучэнне подпісаў 1 несапраўдны. "Я здаў роўна 75 подпісаў, як патрабуе заканадаўства. Усе яны сапраўдныя, і больш за тое: кожны, хто за мяне падпісваўся, запаўняў бланк адмысловай заявы на выпадак праверкі – пра тое, што ўласнай рукой ставіў у падпісным лісце дату і подпіс. Гэтыя заявы я таксама аднёс у камісію. Аднак мне заявілі, што знайшлася адна спадарыня, якая засведчыла, што дату запісала не яна"… -- распавёў Павел Левінаў. Праблемы з подпісамі – самая распаўсюджаная прычына, па якой не рэгістравалі прадстаўнікоў дэмакратычных сіл. Так, у кожнага актывіста кампаніі "Гавары праўду" з дзевяці, якія хацелі балатавацца ў Віцебскі гарсавет, несапраўднымі прызналі роўна па адным подпісе з 75. Гэта неабходны "мінімум" для нерэгістрацыі. У віцебскага каардынатара руху "За свабоду" Хрыстафора Жаляпава са 100 сабраных подпісаў прызнана несапраўднымі 5: 4 подпісы ў час першай праверкі, і яшчэ 1 падчас другой. Дакладна такая самая сітуацыя і ў Тацяны Севярынец, віцебскай каардынатаркі аргкамітэту па стварэнні БХД.
Источник: http://spring96.org/be/news/69249 |