Гарадоцкі райвыканкам, прыкладам, вырашыў, што на ўвесь райцэнтр будзе дастаткова вызначыць усяго адно месца для агітацыйных сустрэч – у дзіцячым парку па вуліцы Чырвонаармейскай. Таксама адзінае месца для сустрэч вызначана і ў Чашніках – але на плошчы Свабоды, і яшчэ адно – у буйным населеным пункце рэгіёну, Навалукамлі – перад палацам культуры. У Дуброўне такіх месцаў вызначана два. Але ў літаральным сэнсе "на задворках": выбаршчыкаў запрашаюць прыйсці або ў двор паміж двума жылымі дамамі, або ўвогуле на "тэрыторыю каля складоў Дубровенскага раённага спажывецкага таварыства". "Я збіраюся балатавацца ў Дуброўне ў абласны савет, але не ўяўляю сабе нават, дзе гэта шукаць! І не гарантую, што ўсе мясцовыя ведаюць. Само па сабе дзіўна: няўжо ў Дуброўне няма месца, больш люднага, больш папулярнага ў гараджан? Цэнтральная плошча, прыкладам, або пляцоўкі перад выканкамам, перад крамамі,"—разважае Аляксей Гаўруцікаў, віцебскі актывіст аргкамітэту па стварэнні сацыял-дэмакратычнай партыі "Народная Грамада". Глыбоцкі актывіст кампаніі "Гавары праўду" Яраслаў Берніковіч пракаментаваў рашэнне мясцовага выканкаму: "У газеце "Веснік Глыбоччыны" пералічаны тры месцы для сустрэч з выбаршчыкамі ў самім Глыбокім. І ўсе тры – на розных ускраінах райцэнтру, дзе людзі практычна не ходзяць пехам, а толькі праязжаюць на машынах. Гэта і вуліца Маладзёжная, і вуліца Маскоўская, і сквер на перасячэнні вуліц Чырвонаармейскай і Інтэрнацыянальнай. Далёка не ў цэнтры горада прапануюць ладзіць сустрэчы з тымі, хто будзе балатавацца ў дэпутаты абласнога савету! А ў маёй роднай вёсцы, дзе я збіраюся балатавацца ў райсавет, мне прапануюць сустракацца з людзьмі каля Дома культуры, які ўжо некалькі гадоў стаіць зачынены. Зразумела, што і аднавяскоўцы ўжо даўно абыходзяць гэтае бязлюднае месца. Ці гэта называецца "стварыць умовы для агітацыі", калі выбаршчыкам давядзецца шукаць кандыдатаў толькі што не з компасам?" У пераважнай большасці райцэнтраў сітуацыя падобная: вызначана па тры месцы для сустрэч, у большай ці меньшай ступені зручных для наведнікаў. Выключэннем можна лічыць хіба што рашэнне Сенненскіх раённых уладаў, якія вызначылі ажно 6 месцаў для сустрэч з выбаршчыкамі ў самім райцэнтры, ды яшчэ 2 месцы ў буйным населеным пункце Багушэўск. Досыць дэмакратычным можна было б назваць і рашэнне Браслаўскага райвыканкаму, які "не пашкадаваў" вызначыць для сустрэч з выбаршчыкамі чатыры месцы. Але яны досыць своеасаблівыя: прыкладам, спартовая пляцоўка каля школы №1. Далёка не факт, што там удасца правесці сустрэчу, калі на пляцоўцы будуць запланаваны нейкія спаборніцтвы ці спартовыя заняткі. Яшчэ адно месца для вулічных сходаў у Браславе – гэта "асфальтаваная пляцоўка для паркоўкі машын" каля сярэдняй школы №2. сустракацца з выбарцамі на паркоўцы – гэта ствараць вялікія нязручнасці для кіроўцаў, бо паркоўка прызначана ўсё ж для машын, а не для людзей. Сходы на паркоўцы могуць несці і небяспеку для жыццяў выбарцаў – бо гэта тэрыторыя, дзе адбываецца транспартны рух. Каб яго абмежаваць ці прыпыніць на пэўны час, спатрэбіцца прыцягваць службу ДАІ. Дык ці варта вызначаць для сустрэч з выбаршчыкамі такія месцы, калі патрабуюцца дадатковыя захады дзеля бяспекі гараджан? А вось Докшыцкі і Бешанковіцкі райвыканкамы канкрэтных месцаў не вызначылі ўвогуле – ні ў райцэнтрах, ні на тэрыторыі раёнаў. Напісалі толькі, што сустракацца з выбаршчыкамі можна на тэрыторыях перад будынкамі, дзе размешчаны ўчасткі для галасавання, тэрыторыі перад гандлёвымі аб'ектамі, тэрыторыі каля дамоў культуры, клубаў і бібліятэк. А таксама на абсталяваных пляцоўках у дварах шматпавярховай забудовы, якіх у райцэнтрах практычна няма, а на вёсках не бывае ўвогуле.
Источник: http://spring96.org/be/news/68969 |