НАВІНЫ

Галоўная » Статьи » Беларусь

Стваральнікі і аўтары літаратурнага часопісу «Дзеяслоў» сустрэліся зь віцебчукамі

Ва ўтульнай атмасфэры андэрграўнднага бітлз-клюбу госьці падзяліліся зь віцебчукамі сваімі плянамі і здабыткамі. Агледзеўшы залю, рэдактар часопісу « Дзеяслоў» Барыс Пятровіч адзначыў, што ў адрозьненьні ад першай сустрэчы, на якой прысутнічала нейкая частка выпадковых людзей, тут сабраліся асобы, неабыякавыя да літаратуры і культуры. Мо яно і так, але хацелася б, каб гэткіх людзей у «культурнай сталіцы» было куды больш.

Барыс Пятровіч, прэзэнтуючы зьмест апошняга, семдзесят восьмага нумару «Дзеяслову», адзначыў, што на самым пачатку гэтага літаратурнага праекту ніхто і не меркаваў, што часопіс настолькі доўга затрымаецца ў літаратурнай прасторы краіны. Але так сталася, і зараз невялічкі калектыў жыве ўжо новымі, наступнымі нумарамі, спадзеючыся дажыць да сотага нумару. Ужо цалкам падрыхтаваны 79-ты нумар, ідзе праца над 80-тым.

Пакуль ня скончылася падпісная кампанія, спадар Барыс нагадаў прысутным пра тое, што падпісацца можна ў любым паштовым аддзяленьні Беларусі. На сённяшні час сытуацыя склалася такая, што, у адрозьненьне ад часопісаў « Полымя» і « Маладосць», дзе падпіска збольшага бібліятэчная, у «Дзеяслова» індывідуальная падпіска значна большая, чымся бібліятэчная. Некалі яна складала каля трохсот асобнікаў, але паступова зьнізілася прыблізна да сотні. Таму стваральнікі часопісу найперш арыентуюцца і разьлічваюць на канкрэтных чытачоў. Хаця, прыяжджаючы на сустрэчы ў бібліятэкі, яны бачаць, што нумары «Дзеяслову» зачытаныя, а да іншых часопісаў чытачы часам і не дакранаюцца.

Своеасаблівай сэнсацыяй сталася публікацыя ў апошнім нумары дзёньнікаў Уладзімера Караткевіча. З друкам дзёньнікаў існуе два падыходы: адны зь пісьменьнікаў друкуюць іх пры жыцьці, дзёньнікі ж іншых выходзяць ужо пасьмяротна. Хаця і тут ня ўсё проста. Напрыклад, сям'я Янкі Брыля не згаджаецца на публікацыю дзёньнікаў пісьменніка нават пасьля дзевяці гадоў з таго часу, як ён памёр, і на кантакт не ідзе. Сям'я Генадзя Бураўкіна таксама кажа, што час друкаваць дзёньнікі яшчэ не надышоў.

Што тычыцца Караткевіча, ніхто пры яго жыцьці ня ведаў, што ён піша дзёньнік. Гэта ня проста дзёньнік – гэта мастацкі твор. Пачаў пісаць ён яго ў 1965 годзе, калі быў далёка ад Беларусі, і разам з Рыгорам Барадуліным служыў ваенным карэспандэнтам ва Ўладзівастоку. Цікава, што ў дзёньніку пісьменнік найперш раскрываецца як чалавек. Аднак дзёньнік выйшаў з пэўнымі купюрамі, друкаваць яго цалкам не дазволіла пляменьніца пісьменьніка.

Ёсьць у нумары і новая аповесьць Уладзімера Някляева, апавяданьне Віктара Карамазава пра мастакоў, аповесьць Вінцэся Мудрова пра Альбанію, якая непасрэдна зьвязаная і зь Беларусьсю і распавядае пра тыя часы, калі альбанскія студэнты навучаліся ў нашых ВНУ.

Закрануў Барыс Пятровіч у сваім выступе і атрыманьне Сьвятланай Алексіевіч Нобэлеўскай прэміі. Пісьменнік усьцешаны, што беларусы нарэшце атрымалі свайго нобэлеўскага ляўрэата. Вакол яе імя было шмат спрэчак, але пасьля гэтай падзеі іх быць ужо не павінна, бо ва ўсіх новых энцыкляпэдыях, дзе б яны ні выходзілі, у дужках пасьля яе імя будзе стаяць адно слова – «Беларусь», якое здымае ўсе спрэчныя пытаньні. Цяпер ва ўсім сьвеце яе будуць успрымаць, як беларускую пісьменьніцу. Гэтаксама, як Ёсіфа Бродзкага ўспрымаюць амэрыканскім паэтам.

Алесь Пашкевіч прэзэнтаваў сваю аповесьць «Рух», якую назваў нечаканай. Так сталася, што беларусы ня вынайшлі ані кола, ані ровару, але тое, што яны спрычыніліся да вынаходзтва дызэльнага рухавіка – гэта дакладны факт. Аповесьць распавядае пра вынаходніка дызэля Рудольфа Дызеля, памочнікам якога быў беларус, сын паўстанцаў 1863 году. За жонку ён узяў дачку бакінскага нафтавага магната. Апошні не хацеў гэтага шлюбу, але вымушаны быў зьмірыцца, бо закаханы малады чалавек зьвёз ягоную дачку ў свой Парыж. Гэты яго ўчынак – можа, яшчэ больш значная ягоная заслуга, чымся ўдзел у стварэньні дызельнага рухавіка. Кніга да таго ж яшчэ і пра шпіёнаў. Як былы паэт і чалавек з гумарам, Алесь Пашкевіч паспрабаваў патлумачыць назву сваёй аповесьці, зыходзячы з настальгіі па рыфме. Маўляў, першая аповесьць называлася «Круг», другая – « Рух», наступная можа быць «Зух», і ў гэтым кірунку існуе вялікая прастора магчымасьцяў для творчасьці.

Напачатку ён паспрабаваў пераказаць аповесьць сваімі словамі, але, адчуваючы ўсю бясплённасьць такой справы, зачытаў досыць інтрыгуючы ўрывак пра вярбоўку нямецкай контрвыведкай расейскага афіцэра.

Прыемнай неспадзяванкай стаўся выступ знанага беларускага барда Зьмітра Бартосіка, імя якога не было анансаванае. Выканаўца аўтарскай песьні гэтым разам парадаваў прысутных вядомымі расейскімі песьнямі Булата Акуджавы, Уладзімера Высоцкага, Аляксандра Вярцінскага, Апалона Грыгор'ева ў арыгінальных перакладах на беларускую мову Рыгора Барадуліна. Асаблівае ўражаньне слухачы атрымалі ад выкананьня ўсімі вядомай «Цыганачкі», якую ён сьпеў у непаўторнай аўтарскай інтэрпрэтацыі.

Сустрэча завяршылася выступам маладога паэта Ўсевалада Сьцебуракі. Яму страшэнна спадабалася «паддашкавая» прастора памяшканьня, зь якой ён вылучыў два рознакаляровыя ліхтарыкі, што ўяўлялі сабой гэтакі жоўта-зялёны сьветлавы акцэнт. Вылучыў у першую чаргу мо з тае прычыны, што толькі яны маглі дазволіць больш-менш паўнавартасна бачыць вершы зь ягонага зборніку, якія ён урэшце і прачытаў.

http://Віцебская вясна

Категория: Беларусь | Добавил: Admin (19.11.2015)
Праглядаў: 548 | Рейтинг: 0.0/0
Всего комментариев: 0
Добавлять комментарии могут только зарегистрированные пользователи.
[ Рэгістрацыя | Уваход ]
Форма Увахода
Логин:
Пароль:
Катэгорыі раздзелу
Еўропа [74]
Беларусь [132]
Віцебск [108]
Рэгіён [77]
Еўраклуб [44]
Адукацыя [110]
Гісторыя [11]
ВЫБОРЫ 2014 [15]
Відэа [13]
Пошук
Навіны Свету
Нашыя партнэры
 Рух  Менскі Еўраклуб Каталог TUT.BY  Віцебскі Еўраклуб вітае гасьцей  Менскі Еўраклуб  Народны журналіст

Конкурс на лепшага знаўцу паўстання Кастуся Каліноўскага

Статыстыка