НАВІНЫ

Галоўная » Статьи » Еўропа

Новы год ў Львове
Дабрацца да Львова прасцей за ўсё цягніком. Плацкартны квіток ад Менска будзе каштаваць € 25, купэ – € 40. Цягнік Менск–Львоў–Чарнаўцы выходзіць з беларускай сталіцы а 17:38 і прыходзіць у Львоў ажно а 5:53. Калі ехаць на тачцы, адлегласць 650 км з мяжой будзеце пераадольваць 9–10 гадзін.

Таксі ад вакзала да цэнтра Львова будзе каштаваць 25–30 грн. (зразумела, прывакзальныя бамбілы могуць называць зусім іншыя лічбы). Але можна даехаць і трамваем.
Трам № 1 ходзіць ад Прывакзальнай плошчы да цэнтра. Цікава, што калі ён едзе назад, то нумар маршрута змяняецца на 9. Не заблытайцеся! Квіточак трэба набываць у кіроўцы (1,5 грн.) – у Львове шмат кантралёраў.

Дарэчы, калі вам трэба набыць чыгуначныя квіткі, не абавязкова перціся на вакзал. Ёсць касы на вул. Гнатюка, 20.

Калі вам трэба трапіць у навюткі львоўскі аэрапорт – зноў жа лепш выклікайце таксон. Ад Кафедральнай плошчы дарога будзе каштаваць 40–50 грн.
Таксі лепш выклікаць па тэлефоне. (Падключыцца да мясцовай мабільнай сувязі можна амаль на кожным кроку. Пашпарт не спатрэбіцца). Але можна і тралейбусам № 9 ад універсітэта ім. Івана Франка.

Дарэчы, Львоў з адкрыццём новага аэрапорта паціху робіцца новай актыўнай кропкай на мапе авіяпералётаў. Напрыклад, у снежні квіток на самалёт Львоў–Стамбул ад турэцкай кампаніі Pegasus каштаваў € 100 у два бакі.


З кожным годам турыстаў у Львове прыязджае больш на 20 %. З імі расце і колькасць гатэляў, хостэлаў ды іншых «apartments for rent». Зняць хату на дзень абыдзецца € 20–40 у залежнасці ад колькасці ложкаў, лакацыі ды рамонту. Шукаць можна, напрыклад, тут.

Але раім, вядома, карыстацца хостэламі. Толькі ў цэнтры Львова іх штук 10. Ложак у пакоі на 8 месцаў – € 8–10. У большасці хостэлаў ёсць таксама private room для двух гасцей. Каштаваць такі нумар будзе € 30–35. У некаторых хостэлах ёсць нават прыватныя пакоі з прыбіральняй і душам. З бонусаў – сацыялізацыя і знаёмствы з цікавым народам з усяго свету (еўрапейцам і амерыканцам ва Украіну не патрэбная віза, чым яны актыўна карыстаюцца). Раім не запаўняць усялякія формы на сайце і не пісаць на пошту, а старым прачэканым спосабам – патэлефанаваць на рэцэпшн і забраніраваць месца.

Old City Hostel (вул. Беринди, 3). Файны хостэл у самым цэнтры. Прыемны стаф, які выкліча для вас таксі і распавядзе, куды схадзіць і дзе кірнуць. Шалёна папулярны сярод іншаземцаў. Ад € 7.

Coffee Home Hostel (пл. Яворського, 1). Невялікі і ўтульны. Вокны выходзяць на касцёл Езуітаў. На кухні можна зварыць каву па-турэцку на гарачым пяску. € 13 за ложак у нумары на 3 месцы.

Just Lviv It! (пл. Ринок, 15). Зусім новы хостэл у старым будынку – 6 пакояў на 46 месцаў. З плюсаў – ажно тры прыбіральні з душам, раніцай стаяць у чарзе не давядзецца. Ад 100 грн. за ложак.
Хостэл «На Театральній» (вул. Театральна, 10). Традыцыйны набор усяго неабходнага – ад ручнікоў і фенаў да wi-fi і бясплатных мап горада. Мінімум € 9.

Ghostel (вул. Коперніка, 9/10в). Прывідны хостэл у сярэднявечным стылі. Ад 70 грн. за ложак у 12-мясцовым пакоі да 260 грн. за цэлы 2-мясцовы нумар. У якасці бонуса прапаноўваюць недарагія экскурсіі.

Central Square Hostel (пл. Ринок, 5). Адзін з першых львоўскіх хостэлаў «у самым сэрцы горада». Кошты – ад 95 грн. Ёсць двухмясцовы пакой за 300 грн.

Калі гэтыя варыянты вам не даспадобы, шукайце тут і тут.


Кава – адзін з галоўных львоўскіх артэфактаў, таму да яе гатавання і падачы тут ставяцца ўважліва і з павагай. Шчыра кажучы, мы не знайшлі ніводнага месца ў Львове, дзе кава была б зусім «не таго». У сярэднім кошт эспрэса – 8–12 грн., капучына – 12–16 грн., кава са спецыямі або якім віскі будзе 16–20 грн.

«Львівська копальня кави» (пл. Ринок, 10). У гэтым будынку месцяцца кавярня, крама са свежамолатай кавай ды рознымі кававымі прыладамі і прынадамі (ад турак ды імбрыкаў – да кававых алкагольных настоек і спецый), міні-фабрыка, дзе на вачах у кліентаў абсмажваюць зерне, а таксама вялікі сувенірны шоп. У кавярні – выбар з 30 відаў кавы і кававых напояў. Карацей, можна няблага правесці тут гадзінку-паўтары і затарыцца сувенірамі для сяброў.

«На бамбетлі» (пл. Ринок, 29). Трапіць сюды можна таксама нырнуўшы ў арку з вуліцы Тэатральнай. Магчыма, найлепшае месца ў горадзе, каб сагрэцца ўзімку кавай, глінтвейнам або каньячком. Рэкамендуем! Дарэчы, слова «бамбетель» перакладаецца як «ложак».
«Львівська майстерня шоколаду» (вул. Сербська, 3). Парадайз для ласуноў: крама хэндмэйд-слодычаў і кавярня з кавай ды гарачым шакаладам. Смела бярыце гарачы шакалад па-львоўску (26 грн.) і шакаладна-тварожны пірог (15 грн.). Калі зліпнецца, мы не вінаватыя.

«Мапа» (вул. Галицька, 4). Амаль ідэальнае месца для сняданкаў – робяць амлеты, італьянскія сэндвічы, тосты. Пазіцыянуюць сабе таксама як кавярня, дзе ўтульна працаваць удзень пад каву або сок.

«Світ кави» (пл. Катедральна, 6). Тут уважліва ставяцца да галоўнай львоўскай святыні: ёсць кава з кардамонам, ёсць «па-мексіканску», ёсць кава chemex і кава pour over. Што гэта ўсё значыць, можна даведацца на месцы. Штрудэлі, чызкейкі і шарлоткі – на дэсерт.
«Віденьскі булочки» (пл. Катедральна, 3). Сеткавае месца з кавай, круасанамі, пірагамі, дэсертамі і аўсянай кашкай на сняданак. Не надта ўважлівы стаф, але круасаны як мае быць.

«Цукерня» (вул. Староєврейська, 3). Самы багаты выбар дэсертаў у горадзе знойдзеце па гэтым адрасе. Акрамя кавы і гарбаты прапаноўваюць сапраўды смачныя мілк-шэйкі. Працуе з 8:00. Таму калі не спіцца, прыходзьце сюды на брэкфэст – ёсць з чаго выбраць.

«Прага» (вул. Гнатюка, 8). У адным будынку размешчаныя кавярня, паб і рэстаран пад адной шыльдай, магчыма, каб не збіваць гасцей з панталыку. Унутры кавярні – упрыгожванні з каванага жалеза, свежыя газеты і «віденське капучіно» за 17 грн.



Паводле колькасці кафэ і рэстаранаў на душу насельніцтва Львоў адназначна займае адно з першых месцаў ва Усходняй Еўропе. А кошты на ежу і выпіўку тут значна ніжэйшыя, чым у Менску. У неблагім месцы можна пасядзець удвох за 200 грн. з алкаголем.

Найбольш вядомыя кабакі з сеткі «!ФЕСТ», у якую ўжо ўваходзяць паўтара дзясятка рэстаранаў, некалькі крамаў, хостэл і свой бровар. Папулярныя перш за ўсё тым, што кожная рэстарацыя мае ўласную канцэпцыю. «Криївка» (пл. Ринок, 14) зробленая, як бункер УПА, у якім «ненавідзяць маскалёў». У габрэйскім рэстаране «Під Золотою Розою» (вул. Староєврейська, 37) можна гандлявацца і збіваць кошты. У «Мазох-кафе» (вул. Сербська, 7), прысвечаным Захэру Мазоху, можна атрымаць бізуном ад афіцыянткі.

Аднак распіяранасць месца далёка не заўжды значыць смачную ежу. Таму чытайце гайд далей і звяртайце ўвагу на парады.

«Крива Липа» (проїзд Крива Липа, 8). Адзін з найлепшых шынкоў горада, які называе сябе кулінарнай студыяй. Унутры – утульныя прыцемкі. Меню не вялікае, але выбраць ёсць з чаго. Выдатна гатуюць мяса. Порцыі вялікія. Кошт гарачай стравы – € 4–6. Раім для ўрачыстых выпадкаў, напрыклад, каб адзначыць першы вечар у Львове. Столік лепш замовіць загадзя.

«Криївка» (пл. Ринок, 14). Самы вядомы шынок горада, без згадвання пра які не абыходзіцца ніводзін львоўскі гайд. Вядомы перш за ўсё мужыком з вінтоўкай на ўваходзе і атмасферай бункера УПА ўнутры. Трапіў у спіс самых «сакрэтных» рэстаранаў планеты, які рабіў сайт TripAdvisor. Спрабаваць смажаных карасікаў і грэчневую кашу з салам. Піва «Зенік» не бярыце – лайно.

«Гасова лямпа» (вул. Вірменська, 20). Яшчэ адно месца ад тых жа стваральнікаў. Тут ёсць экраны для прагляду футболу, добры выбар піва і закусак да яго. Працуе да 02:00. Раім падняцца на верхні паверх і палюбавацца відам на львоўскія дахі.
«Дім легенд» (вул. Староєврейська, 48). Яшчэ адно вядомае месца з той жа сеткі, што і «Криївка». Займае цэлы будынак, на кожным паверсе – адмысловае афармленне, прысвечанае якой-небудзь львоўскай легендзе. Раім сядзець у зале пра падземную рэчку Полтву: тут прасторней і не паляць. Ежа так сабе, затое шырокі выбар мясцовых настоек. Піва «Зенік», якое варыцца адмыслова для ўстановаў сеткі «!ФЕСТ», не бярыце (больш паўтараць не будзем).

«Медівня» (Краківська, 17). Тут вы знойдзеце найлепшую медавуху ў горадзе. Яна сапраўды салодкая, цягучая і сагравальная. Кошт – 7 грн. за 50 гр. Наліваюць з сабой – бутэлька 0,5 абыдзецца ў 70 грн. Можна і пад’есці, але не гарантуем, што будзе «пальчыкі абліжаш».

Віскі-бар 4friends (вул. Дудаева, 2). Маскуліннае месца з выдатным выбарам больш як са 100 відаў віскі і 15 гатункаў піва. У меню акцэнт зроблены на бургеры і мяса. Ёсць кікер. Паводле мясцовых мерак не танна, але «гарачае + палтос віскі + бакал піва» будзе каштаваць € 10–15. Раім спрабаваць піва 4friends (19 грн.), што варыцца адмыслова для бара, і не баяцца за віскі 4friends (33 грн.), якое замаўляецца ў Скотландзе.

Mons Pius (вул. Лесі Українкі, 14). Адзін з самых дарагіх рэстаранаў з агляду (але ўсё роўна будзе ўдвая танней, чым у падобным месцы ў Менску). Прыемны мінімалістычны інтэр’ер з драўлянымі сталамі. «Стэйкі з печы» па 100–140 грн. Добры выбар гарбаты і «Бехераўка» за 20 (!) грн. Асабліва хораша тут летам, на тэрасе.

Вінарня «Кафе № 1» (пл. Катедральна, 5). Вядомае сваёй сціпласцю (калі меркаваць з назвы), рамантычнай атмасферай (унутры шмат парачак) і вялікім выбарам віна (пустымі бутэлькамі тут дэкаруюць усё навокал). Кошты – трохі вышэйшыя за сярэднія. Кухня з намёкам на Італію. Ганарацца сваімі кішамі і дэсертамі. Побач ёсць помнік архітэктуры пачатку XVII ст. – капліца Боймаў.
«Дзига» (вул. Вірменська, 35). «Дзига» (чытаецца як «дзыга») – гэта, насамрэч, назва творчага аб’яднання і галерэі. Але па гэтым адрасе вы знойдзеце таксама два ўтульныя шынкі. На першым паверсе – кнайпа «Під клепсидрою», на другім размяшчаецца «Квартира 35». Меню адно на дзве ўстановы. Адрозненне ў тым, што на другім паверсе амаль штовечар можна паслухаць жывую музыку. Гатуюць з душой, добры выбар разнастайных настоек па 8–10 грн.

Кавярня-кнігарня «Кабінет» (вул. Винниченка, 12). Яшчэ адно каларытнае месца ад тых жа стваральнікаў. Антыкварная мэбля, кнігі ў шафах, карацей, калі вы лічыце сябе інтэлектуалам – вам сюды. Піць, як і належыць інтэлектуалу, гарэлку пад шматлікія гарачыя снэкі.

«Кумпель» (вул. Винниченка, 7). Піўны рэстаран у стылістыцы 30-х. Тыя ж уладальнікі, што і «Кафе № 1». Піва ўласнае. Дарэчы, kumpel – польскае слоўца, што можна перакласці як «таварыш па папойках». Карацей, вам сюды. Толькі будзьце гатовыя, што цэннікі будуць вышэйшыя, чым у сярэднім па горадзе. Салаты – € 4–6, гарачыя стравы – € 8–12. Калі вы падарожнічаеце баскетбольнай камандай – бярыце «М’ясну дефиляду» – 2,2 кг мяса і 1,8 кг прыкусак да яго, а таксама паўлітра самагону. Каштуе такі «снэк» 650 грн.

Dublin (проїзд Крива Липа, 8). Класічны irish pub з упорам на піва замежных вытворцаў (33 грн. за бакал Paulauner або 39 грн. за Guinness) ды інтэрнацыянальнай кухняй. Гавораць, падчас Еўра-2012 тут было не сесці. На бязрыб’і можна глянуць гульню мясцовых «Карпат».

Kult Live Music Club (вул. Чайковського, 7). Жывая музыка – ад джазу і соўлу да фанку і рэгі – пад вялікія порцыі. Ёсць уласнае жывое піва, заўжды свежае. Сярэдні чэк – € 35–40 на дваіх з алкаголем.

Сумленна кажучы, быць у Львове і частавацца хуткай ежай – справа сумнеўная. Бо і ў сур’ёзных шынках тут абслугоўваюць дастаткова хутка і нядорага. Тым не менш, калі ты праціўнік slow food, падказваем некалькі кропак.

«Пузата Хата» (вул. Січових Стрільців, 12 / пр. Шевченка, 10). У цэнтры Львова – дзве кропкі ад вядомай украінскай сеткі рэстаранаў хуткага харчавання. Традыцыйны набор страваў украінскай кухні – ад баршчу і варэнікаў да катлет па-кіеўску. Рэгулярна праводзяць тыдні нацыянальных кухань. Неблагі варыянт трохі заправіцца, каб потым пайсці запраўляцца чымсьці мацнейшым. Сытны абед з першым, другім і кампотам будзе каштаваць 30–35 грн.
«Час поїсти» (вул. Коперніка, 3). Самы цэнтравы львоўскі пойнт ад яшчэ адной украінскай сеткі. Ад «Пузатай хаты» адрозніваецца тым, што акрамя звычайных салатаў, супоў і гарачых страваў тут можна замовіць піццу.

Tikithai Chinese-Food (проїзд Крива Липа, 1 / Краківська, 4). Дзве кропкі кітайскага фастфуду – локшына з гароднінай і курыным мяском плюс соўс на выбар. Сярэдняя порцыя каштуе 20 грн. З фішак – рэдкія ў нашых шыротах напоі кшталту Dr.Pepper або какосавага соку.
Beirut Hall (вул. Пекарська, 5). Ліванскі фастфуд з кальянам. Кафта, таўк, сужук ды іншыя незнаёмыя назвы ў меню. Падгандлёўвае таксама экзатычнымі прадуктамі на вынас.

Burgers Buffet (вул. Староєврейська, 5 / пр. Шевченка, 22). Магчыма, самы разнастайны фастфуд горада: сэндвічы, бургеры, кебабы, лавашы з начынкай і нават кітайская лапша. Маецца coffee-zone. Паводле мясцовых жыхароў, адна з найлепшых кропак з хуткай ежай у Львове.

Doner (вул. Дорошенка, 36). Малюсенькі фастфуд з вельмі недарагімі кебабамі і гамбургерамі. Добры тым, што працуе да чацвёртай раніцы.



Плошча Ринок –цэнтр горада з неймавернай колькасцю славутасцяў на квадратны метр. Дарэчы, у Львове месціцца амаль палова ўсіх архітэктурных помнікаў Украіны. А гістарычны цэнтр горада занесены ў спіс сусветнай спадчыны UNESCO.

У цэнтры плошчы – Ратуша. Зверху адкрываецца, магчыма, найлепшы від на Львоў. Падняцца на вежу каштуе 10 грн. Зрабіце гэта!

Палац Корнякта (пл. Ринок, 6). Пабудаваны ў 1580 годзе на замову мясцовага магната. У XVII ст. выконваў функцыі рэзідэнцыі польскага караля. Цяпер тут гістарычны музей. А ўнутры – знакаміты італьянскі дворык.

Оперны тэатр (пр. Свободи, 28). Славуты Львоўскі оперны тэатр – выдатнае месца, каб прайсціся па класіцы і культурна ўзбагаціцца. Тэатр заснаваны ў 1900 годзе. Мясцовыя падказваюць, што не абавязкова купляць цікет у касе, а можна перад пачаткам спектаклю падыйсці да бабулек
на ўваходзе і таямніча ім пасміхнуцца. За невялікую плату яны пасадзяць вас ледзь не ў віп-ложу. Але на сабе гэты лайфхак мы не правяралі.

У Львове вельмі шмат сапраўды прыгожых цэркваў і касцёлаў. Заходзьце ўсярэдзіну, глядзіце і адчувайце. На нашую думку, асабліва прабірае ў касцёле Езуітаў (вул. Театральна, 11) і Бернардынскім касцёле (пл. Соборна, 1–3). Вельмі цікавы ансамбль Армянскага сабора (вул. Вірменська, 7/13).

Лычакоўскія могілкі (ісці ад цэнтра па вул. Пекарськай да канца). Адныя з самых вялікіх і прыгожых могілак Усходняй Еўропы. Цяпер гэта музей-запаведнік. Калі вы не сваяк кагосьці з мясцовых насельнікаў, уваход будзе каштаваць 10 грн. Memento mori.

Палац Патоцкіх (вул. Коперника, 15). Архітэктурны помнік ХІХ ст., выкананы ў стылі французскага класіцызму. Цяпер тут месціцца Львоўскі палац мастацтва.
Аквапарк «Пляж» (вул. Княгині Ольги, 114). Калі хочацца парухацца і папляскацца ў вадзе, зганяйце ў аквапарк. Басейн, саўна, фітнэс-цэнтр і экстрэмальныя водныя горкі. За 2 гадзіны задавальнення прыйдзецца адбашляць каля € 10. У бары – вялікі выбар гарбаты і безалкагольных кактэйляў.

Парк «Високий Замок». Самая высокая кропка Львова, што на Замкавай гары. Замак тут стаяў да ХІХ ст. Потым на яго месцы зрабілі курган. Побач з курганам – аглядная пляцоўка. Кажуць, што ў яснае надвор’е адсюль можна нават убачыць Карпаты. Сам парк на гэтым месцы існуе ўжо больш за паўтара стагоддзя.

Для таго, каб трохі паглядзець на Львоў рэальны, не турыстычны, зазірніце на вуліцу Шпитальну – гэта зусім побач з усімі турыстычнымі сцежкамі. Тут, здаецца, мясцовы «сіці», і людзі гандлююць з капотаў старэнькіх аўто ўсялякім рыззём ды польскімі кансервамі. Back to 90th!



King Cross Leopolis (с. Сокільники, вул. Стрийська, на выездзе з горада). Найбуйнейшы шопінг-мол Львова. Bershka, Pull and Bear, Zara і г.д. Усяго – 130 гандлёвых кропак.

Вернісаж (пл. Вічева). Мясцовы Манмартр. Карціны, мастацкія вырабы, сувеніры, цацкі ды іншы хэндмэйд. Кошты трохі ніжэйшыя, чым у сувенірных крамах.

Knyhy (вул. Вірменьска, 32). Маленькая крама старых і вельмі старых кніжак. Можна пакапацца ў амерыканскіх часопісах дзесяцігадовай даўніны. Можна знайсці цікавыя англамоўныя кніжкі.

«Кнігарня Є» (пр. Свободи, 7). Кропка вядомай украінскай сеткі кніжных крамаў. Робіць акцэнт менавіта на ўкраінскай літаратуры.
Ёсць пакой, дзе можна спакойна пасядзець з лэптопам або проста пагартаць цікавыя выданні. Наогул у Львове вельмі шмат кнігарань, чым горад можа з поўным правам ганарыцца.

Букіністычны рынак (Підвальна, 13). Каля помніку першадрукару Івану Фёдараву. Працуе, як запэўніў нас адзін з гандляроў, «кожны дзень, калі надвор’е добрае». Акрамя кніжак рознай ступені каштоўнасці – маркі, старыя часопісы, срэбныя лыжкі, значкі, плакаты ды іншыя савецкія артэфакты.

Вінамаркет «Поляна» (вул. Січових Стрільців, 2). Адзіны ў Львове алкагольны супермаркет з гэтай сеткі. Багаты выбар віна і мацнейшых напояў. Больш выгадна, калі бярэш адразу 3 або 6 бутэлек. Але ж ты прыехаў у Львоў не віно жлукціць, праўда?
Галерэя-крама «Правда, Б» (вул. Вірменьска, 25). Шмат цікавага і проста дзіўнага стафу – ад бессэнсоўных арт-вырабаў да карцін, свяцільнікаў і патэльняў. Уваход у крамку размешчаны ў аўтэнтычным дворыку, жыхары якога любяць крыць адзін аднаго прыгожай украінскай лаянкай.

Львівська мануфактура бруківки (пл. Музейна, 7). Сувенірная крама. На ўваходзе хлопец паказальна вырабляе прыгажосці з кавалкаў брукаванкі.

«Сувенірний крам» (вул. Краківська, 22). Вялікі выбар сувеніраў. Адных магнітаў на лядоўню – сотні паўтары відаў. Стаф настолькі ветлівы, што робіцца трошкі страшна, ці ўдасца адтуль выйсці.


Львоў (у 1772–1918 гг. афіцыйная назва – Лембэрг). Першая згадка пра горад – 1256 год. Насельніцтва – 760 тыс. (7-е месца ў спісе найбуйнейшых гарадоў Украіны). Кожны пяты жыхар горада – студэнт. У горадзе можна налічыць 4500 выяваў ільвоў.

afishalviv.net – афіша Львова.
lviv.travel – афіцыйны турыстычны сайт горада.

lviv.virtual.ua – віртуальны 3D-тур па львоўскіх месцах.

www.kumpel-tour.com – алкагольныя экскурсіі па горадзе.
travel.tochka.net – top-10 найлепшых рэстаранаў Львова на меркаванне партала tochka.net.

generation.by – аўтарскі гайд па Львове ад нашых сяброў.










Источник: http://34mag.net/post/lvoy/
Категория: Еўропа | Добавил: wasek07 (08.12.2012) W
Праглядаў: 882 | Рейтинг: 0.0/0
Всего комментариев: 0
Добавлять комментарии могут только зарегистрированные пользователи.
[ Рэгістрацыя | Уваход ]
Форма Увахода
Логин:
Пароль:
Катэгорыі раздзелу
Еўропа [74]
Беларусь [132]
Віцебск [108]
Рэгіён [77]
Еўраклуб [44]
Адукацыя [110]
Гісторыя [11]
ВЫБОРЫ 2014 [15]
Відэа [13]
Пошук
Навіны Свету
Нашыя партнэры
 Рух  Менскі Еўраклуб Каталог TUT.BY  Віцебскі Еўраклуб вітае гасьцей  Менскі Еўраклуб  Народны журналіст

Конкурс на лепшага знаўцу паўстання Кастуся Каліноўскага

Статыстыка